Латвія прыпыніць працу памежнага перахода «Сілене» (з беларускага боку «Урбаны») на беларуска-латвійскай мяжы. Гэта адбудзецца 19 верасня 2023 года каля 20:00. Прычына — забеспячэнне недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы і перадухіленне пагрозы дзяржаве, звязанай з нелегальнай міграцыяй, паведаміў міністр унутраных спраў Латвіі Ріхардс Казлоўскіс.

Латвія закрывае адзін з двух памежных пунктаў. Прычына - мігранты і падтрымка Беларуссю вайны
Памежны пераход «Сілене». Крыніца: trans.info

З 13 па 19 верасня 2023 года памежная служба Латвіі перадухіліла спробы 894 чалавек незаконна перасекчы латвійска-беларускую мяжу. Агулам за верасень памежнікі перадухілілі больш за 1770 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. У жніўні - больш за 1600 спробаў.

Таксама ў МУС Латвіі сказалі, што дадатковыя абставіны рызыкі і магчымую матывацыю для працягвання намаганняў Беларусі па дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы з Латвіяй, можна лічыць адкрытую падтрымку Беларуссю Расіі ў вайне супраць Украіны.

Як зараз можна будзе патрапіць з Беларусі ў Латвію

На беларуска-латвійскай мяжы працягне працаваць памежны пункт пропуска «Патерніекі» (з беларускага боку «Грыгароўшчына»).

Латвійскія памежнікі з лета пільна сочаць за беларусамі

У ліпені 2023 года латвійскія памежнікі запрашалі на размову беларусаў, якія накіроўваліся ў Латвію. У іх аглядалі тэлефоны, а таксама пыталі, куды яны едуць і з якой мэтай.