У Беларусі вырашылі адсачыць колькасць выпускнікоў, якія вырашылі паступаць за мяжу. Для гэтага скарысталі звесткі аб апастылях, якія нядаўнія школьнікі ставілі на свае дыпломы. Пакараць за гэта вырашылі… кіраўніцтва школ.

У жніўні школы Гродна наведвала камісія, якая мела на руках звесткі, колькі выпускнікоў у якой школе падаліся на апастыль, і адпаведна, колькі планавала выехаць з краіны. Натуральна, такіх было шмат ў найлепшых школах. Найбольш, ці не палова, аказалася ў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага ў Румлёва, расказала крыніца Hrodna.life. У выніку звольнілі дырэктара гімназіі Барыса Сяброўскага. Ён узначальваў гімназію з 2009 года, а да таго яшчэ восем гадоў быў намеснікам дырэктара, у 2010 годзе быў абраны дэпутатам Гродзенскага гарадскога савета. Замест яго кіраваць гімназіяй паставілі Алену Адамовіч. Да гэтага прызначэння яна была начальніцай аддзела адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна. Таксама вырашылі зняць з пасадаў яшчэ некалькі дырэктароў, падзялілася крыніца.

Акрамя таго, у Гродне звольнілі з пасад больш за дзесятак завучаў па выхаваўчай рабоце, якія ў 2020 годзе паставілі свае подпісы «не за таго» кандыдата, расказваў Hrodna.life адзін з чытачоў.

Указанні школам адсачыць выпускнікоў, якія ставілі на атэстаты апастылі, пайшлі з Міністрэрства адукацыі і Дэпартамента кантроля якасці адукацыі, дзе ставяць апастылі, расказаў ён. Паводле яго інфармацыі, у мінскіх ВНУ некаторым выпускнікам, хто хацеў забраць дакументы, не аддавалі на рукі сертыфікаты цэтралізаванага тэставання.

Як яшчэ ўлады змагаюцца з паступленнем у замежныя ВНУ

Праз нядаўнія змены ў заканадаўстве, з 7 верасня праставіць апастыль у дыпламатычным прадстаўніцтве Беларусі за мяжой больш немагчыма.

Да таго ж, з восені 2022 года студэнты, якія навучаюцца за мяжой, не змогуць атрымаць адтэрміноўку ад войска. Выключэннем можа стаць толькі накіраванне ад дзяржаўных органаў або арганізацый. Такім чынам, хлопцы, якія паступаюць за мяжу, не змогуць прыехаць на радзіму на канікулы ці ў адпачынак, пакуль ім не споўніцца 27 гадоў. Інакш іх могуць забраць у войска ці на зборы, або пакараць за ўхіленне ад прызыву.

«У першую чаргу гэтыя змены звязаныя з тым, што любая недзяржаўная адукацыя, прыватная альбо замежная, у беларускіх уладаў успрымаецца як нешта сумнёўнае, варожае і дакладна не мусіць даваць ільготаў. І сапраўды гэта ўклалася ў цяперашні кантэкст і таму не дзіўна што гэта адмянілі, — сказаў Hrodna.life аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка. — Вельмі сумнёўна, што нехта, з-за гэтых абмежаванняў забярэ дакументы з літоўскага ці польскага ВНУ і перападасць іх у беларускія рэгіянальныя».

Чытайце таксама: «З улікам зменаў ідэалогіі». У школах ладзяць ператрусы і забараняюць карыстацца старымі падручнікамі