Малы бізнес — панятак, які мы апошнія гадоў 20 рэгулярна чулі з радыё і тэлевізара. Чыноўнікі сцвярджалі, што робяць усё для падтрымкі малога бізнесу, а банкі прапанавалі бізнесоўцам ільготныя крэдыты. Звычайна малым бізнесам лічыцца небагатая кампанія на некалькі чалавек у супрацьвагу буйным карпарацыям, якія маюць мільёны на рахунках і тысячы супрацоўнікаў. Пра тое, якім чынам і сціплыя кампаніі, і буйныя карпарацыі ці вытворчасці ўплываюць на гарадскую штодзённасць, падкаст «Утульны горад» паразмаўляў з архітэктаркай Лізаветай з Менскай урбаністычнай платформы.

Гродзенскі падкаст пра ўрбаністыку «Утульны горад» вяртаецца пасля перапынку з трэцім сезонам! Слухайце размову пра ролю бізнеса ў горадзе у аўдыёверсіі або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Малы бізнес і нараджэнне гарадоў

У падручніках па гісторыі аддзяленне гандлю ад рамёстваў называлі адной з перадумоваў паўстання гарадоў. Гандлёвыя шляхі ад пачатку ішлі па рэках і таму ўздоўж рэк узнікалі першыя гарады.

Невыпадкова ў беларускай мове адно са значэнняў слова «рынак» — цэнтральная плошча. Менавіта на месцы, дзе збіраліся гандляры, узнікала першая ў горадзе плошча. Пазней на вуліцах, што адыходзілі ад гэтай плошчы, былі амаль выключна двухпавярховыя дамы. Чаму менавіта двухпавярховых? Звычайна на першым паверсе была майстэрня рамесніка ці лаўка гандляра, а на другім — той самы тагачасны бізнесовец жыў разам са сваёй сям’ёй.

У нашыя дні бізнес усё яшчэ шмат у чым вызначае вонкавы выгляд гарадоў. Бары, кавярні, гандлёвыя цэнтры і арт-пляцоўкі становяцца месцамі прыцягнення — і горад падладжвае пад іх інфраструктуру. Напрыклад, маршруты гарадскога транспарту падладкоўваюцца пад новыя гандлёвыя цэнтры, а каля бараў і рэстарацый, якія толькі што адкрыліся, камунальным службам даводзіцца вывозіць значна больш смецця, чым раней.

Буйны бізнес, заводы і капіталізм

Буйныя прадпрыемствы, якія ў Беларусі часцей за ўсё належаць дзяржаве, але ў шмат якіх краінах з’яўляюцца прыватнымі бізнесамі, таксама маюць вялікі ўплыў на гарадское жыццё.

Гэта і пытанне экалогіі, і пытанне транспартных маршрутаў, калі аўтобусы і тралейбусы мусяць звязваць жылы раён з прамысловай зонай, і ўзровень беспрацоўя, бо часта менавіта праз заводы і фабрыкі ў гарадах з’яўляюцца (ці знікаюць) працоўныя месцы.

Так ці інакш, гарадское жыццё нават у аўтарытарных краінах не залежыць выключна ад волі адміністрацыі. Рынак і гульцы на гэтым рынку — тое, што ўносіць моцныя карэктывы ў нашую штодзённасць.