З 4 верасня ў візавых цэнтрах Польшчы адкрылі прыём дакументаў на турыстычныя візы тыпу С (турызм). Консульскі збор — € 35, сэрвісны — € 11.
Усё аплачваецца наяўнымі ў беларускіх рублях, паведамілі ў візавым кол-цэнтры Office Life. Каб запісацца на падачу, трэба стварыць асабісты кабінет на сайце візавага цэнтра. Сярод дакументаў, якія пацвярджаюць паездку, павінна быць 100% перадаплата броні гатэля.
У консульскім аддзеле пасольства Польшчы ў Мінску сказалі, што афіцыйнай інфармацыі аб тым, ці адкрытая з сённяшняга дня падача на турыстычную візу — няма. А ў консульстве Польшчы ў Брэсце патлумачылі, што падавацца на візу можна, як і раней. Рашэнне прымае консул.
Два прадстаўнікі турбізнесу з Гродна распавялі Hrodna.life, што нічога не ведаюць пра змены і не бачылі афіцыйнай інфармацыі ад польскіх консульстваў.
Як доўга чакаць і што патрэбна
Запіс на падачу дакументаў - на працягу аднаго-двух месяцаў, магчыма будзе досыць шмат месцаў і тэрмін запісу скароціцца да аднаго-двух тыдняў, напісала адна з візавых агентаў Анастасія Шынкарэнка.
На які тэрмін будуць адкрываць турыстычныя візы, пакуль незразумела. Раней гэта было 2−5 год.
У пакет базавых дакументаў, як і для любой турыстычнай візы, уваходзіць:
- пашпарт, не старэйшы за 10 гадоў;
- медыцынская страхоўка, пад даты першай паездкі;
- фота 3,5*4,5, не старэйшыя за 6 месяцаў;
- выпіска з банка, даведка пра зарплату за 3−6 месяцаў з указаннем пасады, часу пачатку працы;
- аплата гатэля;
- аплачаныя квіткі на аўтобус ці тэхнічны пашпарт машыны і правы.
Колькі візаў выдае Польшча і як яшчэ можна выехаць у ЕС
Турыстычныя візы тыпу З паездак у Польшчу ў Беларусі не выдавалі з пандэміі каранавіруса. Прымалі дакументы на візу тыпу D па мэтах: праца, «карта паляка», для навучэнцаў і студэнтаў, на гуманітарную візу або візу па праграме «Poland. Business Harbour». Можна было атрымаць гасцявую візу па запрашэнні ад грамадзяніна Польшчы ці чалавека з відам на жыхарства.
Паводле дадзеных Еўракамісіі, у 2022 годзе пасольства Польшчы ў Мінску выдала 4232 візы (шматразовых — 3644, адмоў — 157). Генеральнае консульства ў Гродне выдала 8392 візы (шматразовых — 7736, адмоў — 261), консульства ў Брэсце — 4653 візы (шматразовых — 4245, адмоваў — 182).
Да гэтага моманту гасцявыя і турыстычныя візы катэгорыі С выдавалі, у асноўным, Германія, Італія, Грэцыя, Францыя, Венгрыя, Іспанія, Славакія і Харватыя.
Чытайце таксама: Літва збіраецца закрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Прывалка» і яшчэ адзін (абноўлена)