У пункце выдачы Wildberries на рынку «Карона» ў Гродне затрымалі супрацоўніка Дзяніса Швыркіна. У відэа на канале сілавікоў ён кажа, што затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ролік апублікавалі 3 верасня, але затрыманне, верагодна, адбылося раней. Вядома, што ўжо 30 жніўня Дзяніса судзілі па арт. 19.11 КаАП якраз за «экстрэмізм».
Дзяніс Швыркін — юрыст, прадпрымальнік, шмат гадоў працаваў у кампаніі МТС. Падчас выбараў 2020 года падтрымліваў Віктара Бабарыку. У відэа ён кажа, што з’яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі партыі «Разам». Стварэнне гэтай партыі ў канцы жніўня 2020 года анансавала каманда Віктара Бабарыкі. Жаданне ўступіць у партыю заявіла 4400 чалавек, устаноўчы з’езд павінен быў прайсці ў траўні 2021 года, але ўжо першая сустрэча з аргкамітэтам у Маладзечне была сарваная сілавікамі. Пасля гэтага інфармацыі аб актыўнасці ініцыятыўнай групы не было.
UPD. Дзяніс Швыркін на волі. Яго адпусцілі са штрафам.