Безыменны праезд побач з Генеральным консульствам Польшчы ў Гродне атрымае назву. Зараз ён будзе называцца праездам Эміля Чачко. Такое рашэнне прыняў гарадскі Савет дэпутатаў 30 жніўня 2023 года.

Праезд размяшчаецца ў дварах паміж вуліцай Будзёнага (дамы 46 і 48) і вуліцай Ажэшкі (дамы 47 і 49). Ён вядзе да вялікага офіснага будынку з польскім консульствам, побач з праездам знаходзіцца таксама кафэ «Паланэз» і жылыя дамы.
Дэпутаты на тым жа пасяджэнні вырашылі назваць новую вуліцу ад вуліцы Карскага да Азёрскай шашы імём Сяргея Прытыцкага — беларускага савецкага антыпольскага дзеяча, які адзін час жыў у Гродне. Раней, у савецкія часы, завод «Гродна Азот» насіў імя Прытыцкага. Новая вуліца знаходзіцца акурат побач з заводам.
Хто такі Эміль Чачко
Эміль Чачко быў польскім вайскоўцам, служыў у 11 Мазурскім артылерыйскім палку 16 Паморскай механізаванай дывізіі імя караля Казіміра. Часткі гэтай дывізіі перакінулі на ахову мяжы з Беларуссю восенню 2021 года.

Чачко меў тады 25 гадоў. Ён уцёк на тэрыторыю Беларусі, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Прычынай стала быццам бы яго нязгода «з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжання з бежанцамі».
У сакавіку 2022 года яго знайшлі павешаным у мінскай кватэры.
У Беластоку перайменавалі вуліцу, дзе размяшчаецца беларускае консульства
Участак вуліцы Elektryczna ў Беластоку, дзе размяшчаецца Генеральнае консульства Беларусі, у 2022 годзе перайменавалі ў вуліцу Вольнай Беларусі. Але мясцовыя жыхары выступілі супраць перайменавання, падалі ў суд і выйгралі яго. Назву вуліцы вярнулі, але пляцоўку, дзе размяшчаецца консульства Беларусі, перайменавалі ў Сквер вольнай Беларусі.
Чытайце таксама: «Баялася, што расстраляюць у лесе». Як вывозілі з Беларусі затрыманых па «польскай справе»