“Інфаказачка” з Гродна Вольга Бондарава знайшла новы сімвал, які палічыла крамольным – валошку. На яе думку, выкарыстанне валошкі як сімвала Беларусі – гэта “наступаць на нацысцкія граблі”. Яна нават прапанавала альтэрнатыву.

“Якія былі сімвалы ў беларускіх нацыстаў пад Гітлерам? – Бчб і васілёк. Ну няўжо нельга хоць на імгненне ўключыць галаву і зазірнуць углыб гісторыі, хаця б пры выбары сімволікі? Гэта так складана – не танчыць на граблях?”, – абураецца яна ў сваім канале.

Вольга Бондарава — праўладная актывістка з Гродна, раней судзімая за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Называе сябе «інфаспецназаўкай». Актыўна змагаецца з усімі, хто выступаў супраць рэжыму, а таксама з кнігамімастакамігістарычнымі асобамі, лацінкай, помнікамі і нават монстрамі. З верасня 2022 — студэнтка педуніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». Некаторыя яе захады асудзілі нават дэпутат Ігар Марзалюк і намесніца кіраўніка гродзенскага абласнога аддзялення партыі “Белая Русь” Святлана Вараніца.

Альтэрнатывай Бондарава бачыць каласы, серп і молат.

“Не спрачаюся, васілёк — прыгожая кветка. Але колькі можна рабіць памылкі, таварышы? Каласы, серп і молат у якасці сімвалаў — не? Кляты «совак» папулярызаваць нельга? А Рэйх, значыць, не так стромна?!”.

Хто “наступае на граблі”

Валошку сапраўды шырока і даўно ўжываюць як неафіцыйны сімвал Беларусі, пры тым менавіта дзяржаўныя і калядзяржаўныя інстытуты.

“Василек (валошка) по праву может считаться национальным цветком. Он олицетворяет белорусский народ: скромный, дружелюбный и гостеприимный,” – напісана ў выданні «Символы Беларуси» (2020 г., выдавецтва «Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки»). Кветка выкарыстана ў дызайне вокладкі гэтай кнігі.

З 1994 года васілёк з’яўляецца сімвалам БЕЛКАРТ (плацежнай сістэмы Беларусі на аснове банкаўскіх плацежных картак). Памятная манета з выявай васілька ўваходзіць у серыю “Кветкі Беларусі”. Валошка з’яўляецца часткай лагатыпа нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”, выява змешчана на самалётах і брэндаваных рэчах.

Рэалістычны вобраз валошкі як сімвал радзімы і найлепшых якасцяў беларусаў быў пакладзены ў аснову афармлення афіцыйных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасці ў 2021 годзе. А годам раней для гэтага ўжывалі графічны вобраз кветкі. У 2022 годзе валошка была галоўным сімвалам XXXI фестывалю “Славянскі базар”. Летась у мінскім парку Дружбы народаў 800 кустоў кізільніка высадзілі ў форме пялёстка васілька, “каб сімвалічна падкрэсліць ідэю блакітнага неба і сініх азёр Беларусі”.

Чытайце таксама: