У Парэччы пад Гроднам у першай палове жніўня адбыўся інцыдэнт — танк стрэліў у бок населенага пункта і трапіў у будынак Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. Пра гэта расказала Reform.by крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Ад стрэлу танка ніхто не пацярпеў.

Танк удзельнічаў у вучэннях побач з Гожскім палігонам, каля 10 км ад Парэчча і 20 км ад Гродна. Экіпаж танка задраў ствол і стрэліў. Снарад трапіў у пляц кадэцкага вучылішча, адрыкашэціў і разбурыў сцяну суседняга будынка. Навошта танкісты гэта зрабілі - невядома.

Ваенныя аператыўна адрамантавалі будынак. Афіцыйна аб інцыдэнце не паведамлялі.

Камандна-штабное вучэнне з 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадай пачалося 7 жніўня на Гожскім палігоне і на іншых участках у Гродзенскай вобласці і праходзіла некалькі дзён. Яно ўключала этап з баявой стральбой.

Планавалася адпрацаваць кіраванне падраздзяленнямі падчас вядзення баявых дзеянняў. Абяцалі ўлічыць досвед вайны ва Украіне, а менавіта — шырокае прымяненне беспілотнікаў і цеснае ўзаемадзеянне танкавых і мотастралковых падраздзяленняў з іншымі родамі войскаў.