Гродзенскі бізнесмен і мецэнат Сяргей Паўлавіч Зылькоў памёр 18 жніўня ва ўросце 84 гадоў. Яго пахавалі ў Гродне 20 жніўня на могілках «Аўльс».

«Файны чалавек, Сябра, спонсар, мецэнат. Патрыёт з вялікай літары», — напісаў пра нябожчыка актор Віктар Шалкевіч, які паведаміў пра смерць у Facebook. У каментарах да допіса пра Зылькова кажуць як пра сумленнага чалавека і выдатнага бізнесоўцу.

Сяргей Зылькоў быў мецэнатам, спансаваў выданне кніг, прысвечаных беларускай гісторыі, рэстаўраваў крыж і ўсталяваў мемарыяльную кампазіцыю блізу вёскі Кадыш у памяць пра палеглых там паўстанцаў 1863 года. Падтрымліваў дзейнасць Таварыства беларускай мовы і спансаваў падарункі на Дзень роднай мовы дзецям, якія навучаюцца па-беларуску. Намагаўся наладзіць супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва і турызму з прадпрыемствамі Падляшша.

Прадпрыемства «Свідравіна» ўдзельнічала ў будаўніцтве Гродзенскай ГЭС на Нёмане, Полацкай ГЭС на Дзвіне, газаправода «Ямал-Еўропа», Астравецкай АЭС, аб’язной дарогі вакол Гродна, умацоўвала адхон ля падножжа Старога замка, брала ўдзел у рэканструкцыі Старога моста і будоўлі Усходняга моста.

«Сідравіне» належала фірма «Кузнечный дом», дзе выраблялі герб Стэфана Баторыя і каваныя элементы для рэстаўрацыі Старога замка, выкавалі агароджу палаца, браму і іншыя дэталі для палаца ў Свяцку.