Ксяндза Антонія Адамовіча асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён — пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.
Мужчыну пакаралі паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Ён правядзе некалькі дзён у ізалятары. Пра гэта паведамілі праўладныя Telegram-каналы.
Антонія Адамовіча затрымалі ў нядзелю, 13 жніўня. Яго спрабавалі затрымаць у касцёле, але людзі не дазволілі. У плябаніі касцёла правялі ператрус. Вядома, што ў пачатку тыдня ксяндза выклікалі ў сельсавет. Там яго дапыталі і забралі ў яго тэлефон на праверку.
Ксёндз Антоній Адамовіч — ураджэнец Гродзеншчыны, выпускнік мясцовай духоўнай семінарыі, прыняў сан у 2009 годзе.