Паведамленне пра скаўцкі лагер пад Навагрудкам з’явілася ў мясцовым прапагандысцкім пабліку 14 жніўня. Ужо на наступны дзень лагер быў згорнуты.

«Под Новогрудком подростки разбили лагерь. Мнения в редакции разделились: кто-то думает — будут чернику заготавливать и лес чистить, кто-то говорит марьванну курить. Группа интересная, поэтому решили понаблюдать, чтоб лес не спалили. На предстоящей неделе в Беларуси +30», — напісалі прапагандысты.

Пытанні да лагера выклікалі скаўцкія шэўроны яго ўдзельнікаў — і прапагандысты паскардзіліся ўладам, адзначае канал «Хрысціянская візія».

З арганізатарамі падлеткавага лагера правялі «прафілактычную гутарку», расказалі ў іншым прапагандысцкім пабліку. Прапагандысты акцэнтуюць увагу, што сярод арганізатараў былі мінскія святары. Пасля «гутаркі» скаўты былі вымушаныя пакінуць месца правядзення летніка.

У ліпені 2023 года, таксама паводле даносу, у Навагрудку аштрафавалі ксяндза. Нагодай стаў ягоны рэпост у 2021 годзе допіса, зробленага ў 2016 годзе.

Адкуль у Беларусі скаўты?

Скаўцкія (харцэрскія) атрады з каталіцкіх юнакоў з’явіліся ў Беларусі ў 1921 г. у Клецку і Нясвіжы. Выхаванне грунтавалася на прынцыпах патрыятызму, рэлігіі і фізічнага развіцця. У савецкі час рух быў забаронены. Аднавіўся ў канцы 1980-х, быў зарэгістраваны ўжо ў незалежнай Беларусі. Зараз каталіцкія скаўты штогод перад Калядамі дастаўляюць у Беларусь і перадаюць з горада ў горад Віфліемскі агонь.

Чытайце таксама: Бондарава хоча закрыць сядзібу «Літоўка»: яна знайшла там парнаграфію, разбэшчванне і скажэнне Бібліі