Вольга Бондарава напісала пракурору Гродзенскай вобласці Аляксандру Жукаву з просьбай закрыць сядзібу “Літоўка” ў Навагрудскім раёне. А яшчэ – ацаніць яе дзейнасць па законе і прыцягнуць «вінаватых» да адказнасці. Яна абвінаваціла ўладальнікаў сядзібы па некалькіх артыкулах, заявіла, што яны падманваюць улады і дрэнна ўплываюць на дзяцей. Дасталася і “ЛГБТ-карцінам”, і партрэтам прэзідэнта “ў барвова-сінюшным танах”.
Што Вользе Бондаравай не спадабалася ў “Літоўцы”?
Першае – працуюць не як сядзіба
Навагрудскі райвыканкам 22 траўня 2023 года выдаў дазвол уласніку аграэкасядзібы «Літоўка» на аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму. Бондарава лічыць, што па факце такой дзейнасці там не вядуць. У рэкламе сядзіба пазіцыянуецца як музей з разавымі наведваннямі.
Бондарава адзначыла, што на тэрыторыі няма дамоў для размяшчэння турыстаў і не прадастаўляюцца пакоі для пражывання.

“Усё вышэйпаказанае сведчыць аб падмане ўласнікамі гэтага аб’екта дзяржаўных органаў. Уласнікі аказваюць турыстычныя паслугі, прыкрываючыся дакументамі аб вядзенні аграэкатурыстычнай дзейнасці”, – напісала Бондарава.
Другое – асацыяльнасць і парнаграфія
На тэрыторыі аб’екта Бондарава ўбачыла экспанаты “асацыяльнага і парнаграфічнага характару, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці”:
- аголеную натуру, прадстаўленую ў перакручанай форме, з наўмыснай дэманстрацыяй геніталій;
- псіхадэлічныя карціны і прадметы;
- карціны ЛГБТ-тэматыкі;
- прадметы з палітычным падтэкстам (падушка з выявай партрэта Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У. У. Пуціна ў барвова-сінюшных танах);
- прадметы і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для гвалту над людзьмі;
- малюнак чалавека, тапельца ў крыві;
- барэльефы з фігурамі людзей, якія выпрабоўваюць боль і пакуты, у ненатуральных позах;
- выявы целаў з глыбока нанесенымі ранамі;
- выявы напаўгнілых цел і т. п.
Гэтыя экспанаты, на думку Бондаравай, парушаюць артыкул 19.8. КаАП “Распаўсюд твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці”. А дэманстрацыя фалаімітатараў і аголеных тэл парушаюць арт.343 КК “Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”.
Трэцяе – скажэнне Бібліі
Экскурсавод падкрэслівае, што на ўваходзе на экскурсійную пляцоўку ўстаноўлена драўляная скульптура дэмана Ліліт. “У сваёй прамове гід дае скажоную трактоўку Бібліі, кпіць і перакручваючы факты Святога Пісання, чым абражае рэлігійныя пачуцці вернікаў”, – лічыць Бондарава.
Таксама няма дадзеных аб узгадненні праграмы экскурсіі з Міністэрствам спорту і турызму і праходжанні прафесійнай атэстацыі экскурсаводамі.

Чацвёртае – разбэшчванне непаўналетніх
“Выклікае непакой той факт, што на тэрыторыю дадзенага аб’екта дапускаюцца дзеці, у тым ліку самыя маленькія, духоўна-маральнае развіццё якіх знаходзіцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. Улічваючы, і што малых на тэрыторыю названага аб’екта дапускаюць бясплатна, а ў пакой катаванняў дык увогуле завабліваюць, складваецца ўражанне, што ўладальнікі аграсядзібы „Літоўка“ мэтанакіравана праводзяць дэструктыўную працу па разбурэнні дзіцячай і падлеткавай псіхікі, разбэшчванню непаўналетніх”, — напісала актывістка.
Што такое “Літоўка”?
Фэнтэзі-сядзібу Літоўка ў Навагрудскім раёне адкрыў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль. У сядзібе сумясцілі сімвалы і знакі розных культур і рэлігій. Раней за выходныя яе наведвалі да 4000 чалавек.
Сядзібу атачалі скандалы. На сходы людзей і вечарыны на аб’екце людзі скардзіліся мясцовым уладам. У 2019 годзе скончыў жыццё самагубствам Сяргей Коваль. Коваль сябраваў з “біскупам свету” Дзмітрыем Бондарам, якога затрымалі ў Літоўцы і пасля асудзілі на паўтара года калоніі за «свядомае стварэнне для іншай асобы небяспекі заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ)».
Цяпер трапіць у фэнтэзі-сядзібу можна ў складзе арганізаванай групы. Кіруе сядзібай дачка Сяргея.
Чытайце таксама: “Гэта ведае толькі ён”. З’явілася відэа памяці гаспадара незвычайнай сядзібы пад Навагрудкам



