Генеральная пракуратура Беларусі запатрабавала ад Дэпартамента па авіяцыі ўзмацніць кантроль за выкарыстаннем паветранай прасторы. Прычына – у Беларусі стала больш парушэнняў пры палётах на дронах і звышлёгкіх самалётах.

дрон
Дрон. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: gblogs.cisco.com

Паводле стану на 1 жніўня 2023 года Дэпартамент па авіяцыі зарэгістраваў 195 паведамленняў пра такія парушэнні. У 2022 годзе парушэнняў было 126.

Прычына ў няведанні і ігнараванні

Асноўныя прычыны парушэнняў – няведанне або ігнараванне ўладальнікамі лятальных апаратаў заканадаўства і патрабаванняў па выкананні палётаў. 

За парушэнне можна атрымаць штраф ад 370 да 1850 рублёў паводле арт. 18.35 КаАП.

Адбылася катастрофа і загінулі людзі

“Бескантрольнае выкарыстанне вышэйпералічаных лятальных апаратаў [звышлёгкіх самалётаў і беспілотнікаў – Hrodna.life] прадстаўляе пагрозу для бяспечнага функцыявання паветранага транспарту, грамадскай бяспекі”, – сказалі ў Генеральнай пракуратуры.

Паводле пракуратуры неправамерныя палёты адбываліся ў месцах масавага збору людзей, над прамысловымі і іншымі аб’ектамі. Таксама адбываліся наўмысныя палёты з пасажырамі на незарэгістраваных паветраных судах. У адным выпадку ў выніку грубага парушэння тэхнікі пілатавання адбылася катастрофа лёгкаматорнага самалёта. Экіпаж загінуў. 

Чытайце таксама: