Каля 530 кг прадуктаў вынялі ў прадпрымальнікаў на Скідзельскім рынку ў Гродне. Гэта адбылося 19 жніўня 2023 года падчас рэйду санстанцыі па гандлёвых кропках, паведаміў Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Больш за паўтоны пратэрмінаваных прадуктаў знайшлі на Скідзельскім рынку
Скідзельскі рынак. Фота: Hrodna.life

Якія парушэнні выявілі на рынку

Ва ўсіх правераных гандлёвых месцах выявілі парушэнні. Сярод іх пратэрмінаваная гатовая мясная прадукцыя, адсутнасць маркіроўкі на гародніне, фруктах, бахчавых і мясе. Таксама былі парушэнні тэмпературнага рэжыму пры продажы гатовай мясной прадукцыі.

У парушальнікаў вынялі прадукты і выдалі ім рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў.

Чытайце таксама: Пратэрмінаваныя прадукты і не тая тэмпература. Ва ўсіх летніх кафэ ў Гродне знайшлі парушэнні

За жнівень вынялі тону прадуктаў

За няпоўны жнівень (станам на 18 жніўня) ў Гродзенскай вобласці Камітэт дзяржаўнага кантролю выняў з продажу больш за адну тону прадуктаў.

У адным з гродзенскіх гандлёвых аб’ектаў вынялі 140 кг пратэрмінаваных прадуктаў, яшчэ 226 кг тавараў без маркіроўкі. У Лідзе КДК выняў 468 кг пратэрмінаваных прадуктаў і больш за 500 кг прадукцыі без маркіроўкі.

Акрамя гэтага, у гандлёвых аб’ектах зафіксавалі парушэнні санітарных нормаў і правілаў. Там не чысцілі лядоўні, інвентар, склады. Таксама парушалі ўмовы захавання сыравіны і прадукцыі.