Навіны

Экстрадыцыя апазіцыянера, «таемны» суд і пазбаўленне карты паляка. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Улады Беларусі экстрадавалі ў Таджыкістан апазіцыйнага актывіста — ён быў у СІЗА Гродна. Палітвязня Дзяніса Івашына перавялі ў турму паводле пастановы суда Кастрычніцкага раёна Магілёва, пра якую не ведаў яго адвакат. Супрацоўнікаў «Гродна Азот» прымушаюць пазбавіцца ад карты паляка. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 24 па 30 ліпеня.

Новыя палітвязні

Васіль Якімаў з Астраўца, асуджаны па арт. 361−3 КК за падрыхтоўку да ўступлення ў полк Каліноўскага, прызнаны палітвязнем.

Праваабарончая арганізацыя «Ліберэка» выступіла са зваротам да супрацоўнікаў турмы № 1 Гродна

У заяве арганізацыя звярнулася да супрацоўнікаў турмы № 1 Гродна з заклікам выконваць правы зняволеных. Гэта пасланне падпісалі тры дэпутаты Еўрапарламента, «хрэснікі» якіх — беларускія палітвязні, якія адбываюць цяпер пакаранне ў Гродне, заўважыла Zerkalo.io.

— Пасля смерці Алеся Пушкіна ў вашай турме мы заклікаем вас падумаць пра свае абавязкі, а таксама пра ўсіх зняволеных, якія знаходзяцца пад вашай апекай, — заклікалі ў арганізацыі.

Яны нагадалі, што Беларусь падпісала мноства дагавораў, якія, у прыватнасці, абавязваюць абараняць правы людзей. Сярод іх Канвенцыя супраць катаванняў.

Улады Беларусі экстрадавалі ў Таджыкістан апазіцыйнага актывіста. Ён быў у СІЗА Гродна

Улады Беларусі экстрадавалі ў Таджыкістан апазіцыйнага актывіста Нізамідзіна Насрыдзінава. Яго затрымалі 8 студзеня пры перасячэнні мяжы Беларусі на запыт уладаў Таджыкістана. Да перадачы ўладам Таджыкістана ён знаходзіўся ў СІЗА ў горадзе Гродна, паведамляе ozodi.org.

У Таджыкістане супраць Насрыдзінава распачатая крымінальная справа аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці або апраўданні экстрэмізму (артыкул 307(1) КК). За гэта злачынства ў Таджыкістане прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў. У 2016 і 2017 гадах ён выказаўся супраць дзейнага ўрада.

Нізамідзін Насрыдзінаў з кастрычніка 2015 года жыў у Германіі. Улады ФРГ далі яму і членам яго сям'і палітычны прытулак.

Нізамідзін Насрыдзінаў. Фота: ozodi.org.

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў 21 ліпеня 2023 года экстрэмісцкай інфармацыяй:

  • Telegram-канал «Рыцарские истории»,
  • Telegram-чат «Чат Рыцарских историй»,
  • Telegram-канал «Асацыяцыя беларускіх ветэранаў»,
  • Youtube-канал «Рыцарские истории»,
  • Старонка на Patreon «Рыцарские истории»,
  • Старонка платформы «Teletype»,
  • Лагатып «Рыцарские истории» — чырвоны сілуэт вершніка на кані, які ў левай руцэ трымае дрэўка, на канцы якога маецца сцяг, а ў правай руцэ — круглы шчыт, на якім намаляваная шахматная фігура ў выглядзе каня белага колеру;
  • Лагатып «Асацыяцыя беларускіх ветэранаў» — белы сілуэт мужчыны ў фуражцы, за плячыма якога маецца вінтоўка, размешчаная на фоне палос прамавугольнай формы бел-чырвона-белага колеру.

Палітвязень журналіст Анджэй Пачобут у ШІЗА — другі ці трэці раз пасля пераводу ў калонію

Да яго не дапускаюць адваката. У ШІЗА ён утрымліваецца без лекаў. Жонка асуджанага журналіста распавяла ў Facebook, што лістоў ад мужа няма з 6 ліпеня, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

«Што на сённяшні дзень я ведаю пра мужа? Увогуле, нічога, — паведаміла Аксана Пачобут, жонка журналіста. — Акрамя таго, што развіваюцца падзеі па найгоршым сцэнары, калі чалавек проста знікае ў калоніі без якіх-небудзь вестак. Прыбыўшы месяц таму ў калонію Наваполацка, Андрэй паведаміў пра гэта ў лісце. Таксама ён паспеў паведаміць, што адразу ж у карантыне яго абвясцілі злосным парушальнікам і пазбавілі перадачы і спаткання».

Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што на дадзены момант няма ўмоў, каб вывесці Анджэя Пачобута з турмы.

«Мы рабілі ўсе магчымыя спробы выцягнуць Анджэя Пачобута з турмы. З вялікім шкадаваннем скажу, што на дадзены момант для гэтага няма ніякіх умоў. На тым баку няма ні найменшай добрай волі», — сказаў ён wnp.pl. Міністр Камінскі падкрэсліў, што трэба памятаць пра Анджэя Пачобута і пра сотні палітычных зняволеных у Беларусі.

Анджэй Пачобут у судзе. Фота: БелТА

Палітвязня Дзяніса Івашына перавялі ў турму па пастанове суда Кастрычніцкага раёна Магілёва

Гэта вынікае з адказу маці палітвязня ад адміністрацыяй папраўчай установы «Папраўчая калонія № 15» УДВП МУС па Магілёўскай вобласці.

«У цывілізаванай краіне вас бы, пэўна, зьдзівіла, што пра гэта ні сном, ні духам ня ведаў адвакат, які мусіў бы яго абараняць падчас гэтага працэсу. Але ў фэйл-стэйце ймя „не да законаў“ магчыма ўсё, што яны штодня й даказваюць», — напісала жонка Дзяніса Івашына Вольга.

Палітвязня Дзяніса Івашына перавялі на строгі рэжым у турму Жодзіна з 19 чэрвеня.

Затрыманага на мяжы гамяльчаніна прысудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі

Гомельскі абласны суд вынес 26 ліпеня прысуд Віктару Залатарэўскаму. Суддзя Алег Харошка асудзіў мужчыну да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «Стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (арт.361 заўв. 1 ч. 3 КК) і «Садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361 заўв. 4 ч. 1 КК), паведамляе Telegram-канал «MAYDAY.TEAM».

Яго затрымалі ў пачатку сакавіка 2023 года ў раёне вёскі Воранава Гродзенскай вобласці, калі ён спрабаваў выехаць з Беларусі ў Літву.

Слонімскае грамадскае аб’яднанне ўстойлівага развіцця «МІНОЛС» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Рашэнне аб ліквідацыі прыняў Гродзенскі абласны суд 11 мая 2023 года, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Аб’яднанне было зарэгістравана ў Слоніме ў 2017 годзе. Па стане на 1 студзеня 2021 года ў «МІНОЛС» было 17 чалавек.

Беларусам адказалі на калектыўны зварот пра ўрокі палавога выхавання ў школе

Адказ прыйшоў з Міністэрства адукацыі. Увядзенне асобнага вучэбнага прадмета па палавым выхаванні ў школах не плануецца.

«У цэлым адукацыя ў нашай краіне заснавана на гуманістычных сямейных каштоўнасцях, традыцыях, улічвае шматвяковы вопыт гісторыі ўсходніх славян, выключае сучасныя заходнія падыходы да сэксуальнай адукацыі дзяцей. Агульнапрынятыя падыходы да выхавання дзяцей, якія прымяняюцца ў адукацыйнай практыцы, выключаюць прапаганду гвалту, жорсткасці, нетрадыцыйных сэксуальных адносін», — адказалі ў Міністэрстве.

У Мікалая Аўтуховіча, Віктара Снегура, Ірыны Гарачкінай, Аляксандра Любенчука і яшчэ 12 палітвязняў з’явіліся сімвалічныя «хросныя»

Палата дэпутатаў Вялікага Герцагства Люксембург узяла на сябе абавязацельства падтрымліваць палітычных зняволеных беларускага рэжыму. 16 чальцоў парламента сталі сімвалічнымі «хроснымі бацькамі» ў рамках кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou, паведамляе «Вясна».

«Такая форма падтрымкі дае вялікую бачнасць асобным сітуацыях людзей, зняволеных па палітычных прычынах», — лічаць яны.

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі

У судзе Жодзіна 25 ліпеня палітвязьня Уладзімера Кнігу асудзілі паводле арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы». Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў Уладзіміра вінаватым і прызначыў яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі.

Раней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі з барысаўскай калоніі на турэмны рэжым у Жодзіна, дзе мінімум чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА, паведамляе «Вясна».

Абвінавачаныя Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка і Дзмітрый Фурманаў. Фота: ПЦ «Вясна»

Пад Гродна прыбылі каля 100 вагнераўцаў, каб ладзіць правакацыі на межах з Польшчай і Літвой

Вагнераўцы прыбылі ў Гродна, якое знаходзіцца недалёка ад Сувалкскага калідора, каб арганізоўваць правакацыі з удзелам мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой, паведаміў украінскі «Центр національного спротиву», створаны Сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сілаў Украіны.

Супрацоўнікаў «Азота» прымушаюць пазбавіцца карты паляка

На «Гродна Азот» прыходзяць супрацоўнікі КДБ і выклікаюць да сябе ўладальнікаў карты паляка. Іх прымушаюць пазбавіцца дакумента. Яго можна аддаць наўпрост у рукі КДБшніка. Раней на «Гродна Азот» супрацоўнікам ужо рабілі такую ж прапанову. Цяпер іх выклікаюць, каб удакладніць, ці прынялі яны прапанову і гатовыя адмовіцца ад дакумента. На «Гродна Азот» ужо больш за дзесяць чалавек такім чынам здалі свае карты паляка.

Клініку «Новы зрок» пазбавілі ліцэнзіі: яна закрываецца і цалкам сыходзіць з рынку Беларусі

Прыватную афтальмалагічную клініку «Новы зрок» пазбавілі ліцэнзіі. З 28 ліпеня 2023 года ёй забаронена медычная дзейнасці і дзейнасць, звязаная са зваротам наркатычных і псіхатропных рэчываў. У сувязі з гэтым клініка сыходзіць з рынку Беларусі.

Будынак у якім размяшчалася клініка «Новы зрок» у Гродне. Крыніца: eyes.by

Мажэйка і Юргілевіч вынеслі прысуд за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці

Палітвязняў Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч 26 ліпеня асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Мажэйка будзе адбываць іх у калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч — агульнага. Столькі ж запатрабаваў для іх дзяржабвінаваўца. Прысуд вынес суддзя Максім Філатаў у Гродзенскім абласным судзе.

Павел Можейко будет обжаловать приговор. «Мы пройдзем праз усе этапы абскарджвання, якія магчымыя. Улічваючы тую практыку, якая адбываецца гады тры, не ўзгадваецца, каб апеляцыйны суд зменшыў тэрмін, які дала першая інстанцыя. Таму асаблівых спадзяванняў няма, але гэта той шлях, які трэба прайсці», — расказала жонка палітвязня Ірына Чарняўка.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч у Гродзенскім абласным судзе. Фота: БелТА

Бондарава дамаглася, каб «Еўраопт» змяніў сваю рэкламу. Але на гэтым яна не спыняецца

Гандлёвая сетка «Еўраопт» прыбрала рэкламу з выявай блогера Дзім Дзімыча з сайта школьных тавараў. Гэтага дамаглася гродзенская праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая абвінаваціла блогера ў схаванай «прапагандзе ЛГБТ».

Рэклама з Дзім Дзімычам, якую прыбралі з сайта «Еўраопта». Скрыншот news.zerkalo.io

Дзяржструктуры пачалі аднаўляць доступ да сваіх сайтаў з-за мяжы: дапамаглі электронныя звароты

З вясны 2023 года актывісты пачалі кампанію, каб аднавіць доступ да дзяржаўных сайтаў з-за мяжы. Праз сем петыцый некаторыя сайты сталі даступныя. Паспрыяла гэтаму праца «камісіі па вяртанні». Гісторыю поспеху распавядае ipetitions.by.

Гродзенцы запыталіся ў чыноўнікаў, куды знік знак у гонар паўстанцаў 1863 года

Гродзенцы стварылі петыцыю, каб дамагчыся тлумачэнняў ад чыноўнікаў з Гродзенскага гарвыканкама: куды і чаму знік знак паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале ў Гродне. Зварот размясцілі на сайце ipetitions.by. Станам на раніцу 25 ліпеня 2023 года яго падпісалі 22 чалавекі.

Знак паўстанцам на чыгуначным вакзале ў Гродне. Калаж: Telegram-канал Hrodna 11:27

Беларусы аб’ядналіся ў 12-гадзінным анлайн-марафоне салідарнасці з палітвязнямі

Незалежныя беларускія медыя аб’ядналіся ў суботу, 29 ліпеня, у 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці «Нам не ўсё роўна!», каб сабраць сродкі для палітычных зняволеных і іх сем’яў. Да эфіру далучыліся блогеры, палітыкі, дзеячы культуры і спорту, грамадскія актывісты.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024