У Гродне ўжо працуюць два новыя інтэлектуальныя квізы. Яшчэ адзін рыхтуецца да запуску. Hrodna.life даведаўся, што гэта за гульні, дзе іх праводзяць і колькі каштуе згуляць.
Квіз “Хоп-хэй лалалэй”
“Хоп-хэй лалалэй” – музычны квіз, які праводяць у караоке-гастрапабе “Месца” на вуліцы Будзёнага, 48. Першая гульня адбылася 14 чэрвеня 2023 года. Цана ўдзелу ў квізе – 8 рублёў з гульца.
“Наш квіз – гэта забаўляльная, музычная, драйвовая віктарына, якая задаволіць густ любога меламана”, – напісалі арганізатары ў суполцы ў “ВКонтакте”.

Квіз “Смузи”
Першую гульню квіза “Смузи” ў Гродне правялі 11 ліпеня 2023 года. Месца правядзення гульняў – той жа караоке-гастрапаб “Месца” на Будзёнага, 48. Цана ўдзелу ў квізе – 8 рублёў з гульца.
Тэматыка гульняў – фільмы, серыялы, мультсерыялы і музыка. Кожны квіз прысвечаны канкрэтнаму фільму альбо серыялу. Паводле арганізатараў, квіз “Смузи” – гэта кактэйль з інтэлектуальных гульняў, які пашырае далягляд, робіць розум гнуткім, вастрэйшым, а кола сяброў шырэйшым”.

Гродна – не першы горад у Беларусі, куды прыйшоў “Смузи”. Франшызу стварылі ў Маскве ў 2018 годзе. Зараз гульні праводзяць у 10 расійскіх гарадах, двух казахстанскіх, а таксама ў беларускіх Гомелі, Мінску і Полацку/Наваполацку.
Хутка з’явіцца “Матрошка Квіз”
Таксама ў Гродне запусцяць новую барную гульню-віктарыну – “Матрошка Квіз”. Там будуць пытанні на логіку, эрудыцыю, веданне кіно, гульняў і музыкі. Арганізатары абяцаюць «не ўзрываць мозг складанымі пытаннямі».
Чытайце таксама: У Гродне запускаюць новы квіз «Матрошка». Абяцаюць лайтовую гульню


