Навіны

У Шчорсах прадаюць частку былога маёнтка Храптовічаў. Цану знізілі ў 270 разоў

У мястэчку Шчорсы ў Навагрудскім раёне плануюць прадаць будынак былой вяндлярні ў сядзібе Храптовічаў. Цана аб’екта — 37 рублёў, паведаміў Камітэт дзяржаўнай маёмасці Гродзенскага аблвыканкама. Аўкцыён адбудзецца 7 жніўня 2023 года.

Былы будынак вяндлярні ў Шчорсах. Фота: Hrodna.life

Пабудова ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і знаходзіцца на балансе Навагрудскага райвыканкама. Паводле ўмоваў аўкцыёна новы ўладальнік павінен распрацаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі не пазней чым праз два гады з моманту заключэння дамовы.

Рамонт трэба правесці не пазней чым праз тры гады ад заключэння дамовы. Пад што можна перарабіць былую вяндлярню, ва ўмовах аўкцыёна не паведамілі.

Ніжняя частка будынка цагляная, над ёй высокі дах, крыты гонтай. На даху плыўнымі лініямі выступаюць выпуклыя душнікі. Цагляныя сцены дэкараваны лапаткамі, карнізам простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі.

Цану знізілі амаль у 270 разоў

Будынак былой вяндлярні прадаюць не ўпершыню. Апошняя спроба была ў лютым 2023 года. Тады за аб’ект хацелі 9950 рублёў, але будынак ніхто не набыў. Зараз цэну знізілі да адной базавай велічыні - 37 рублёў.

Што вядома пра сядзібу ў Шчорсах

Сядзіба Шчорсы недалёка ад Навагрудка калісьці належала канцлеру ВКЛ Іаахіму Храптовічу. У XVIII стагоддзі ён узвёў тут палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму. Побач пабудавалі Мураванку — сельгасдвор у стылі сярэднявечнага замка. Храптовіч быў прагрэсіўным гаспадаром: забараніў паншчыну, адмовіўся ад дзіцячай працы, адкрыў школу і даў сялянам роўныя надзелы зямлі.

Палац моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну. У савецкі час у доме кіраўніка размясцілі школу, у флігелі — дзіцячы сад і жылыя кватэры, а гаспадарчыя пабудовы аддалі калгасу. Асноўны будынак сядзібы не ацалеў. Захаваўся сядзібны парк і сажалкі.

Да нядаўняга часу ўсе будынкі сядзібы ў Шчорсах належалі дзяржаве. Частка — аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама, частка — сельсавету ў Шчорсах, частка — ААТ «Шчорсы» (былы калгас «Зорка»). З 2018 года сядзібу спрабавалі прадаць як комплекс, пазней — як асобныя будынкі.

Фонд, які знайшоў грошы для вяндлярні, ліквідавалі

З 2017 года над захаваннем і развіццём комплексу працаваў культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы» пад кіраўніцтвам Ганны Булды. Ён ладзіў валанцёрскія лагеры для расчысткі парку і гаспадарчага двара сядзібы (Мураванкі), распрацоўваў зоны аховы, змагаўся з падтапленнем, вяртаў на радзіму кнігі адной з найбагацейшых ва Усходняй Еўропе бібліятэкі Храптовічаў, шукаў фінансаванне для аднаўлення або кансервацыі гістарычных пабудоў, збіраў сродкі на дах для Мураванкі.

У 2021 мясцовыя ўлады забралі ў фонда будынак для валанцёраў, забаранілі летні лагер і спынілі супрацоўніцтва. Пасля гэтага раённае ўпраўленне юстыцыі падала ў суд на ліквідацыю фонду. Ён трапіў пад хвалю масавых ліквідацый грамадскіх арганізацый у Беларусі ў 2021−2022 гадах. Суд прайшоў 19 лістапада, 4 снежня рашэнне ўступіла ў сілу.

Чытайце таксама: Денег от Евросоюза не будет. Что ждет крупнейшее поместье ВКЛ под Новогрудком после ликвидации фонда, который его спасал

Падзяліцца

Апошнія запісы

Штогод патрэбна 35−40 адзінак. Для Гродна закупляюць новы транспарт

Тры новыя тралейбусы з запасам аўтаномнага ходу да 20 км ужо паступілі ў Аўтобуснае ўпраўленне…

10 мая 2024

Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі

Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі "Беларусь памятае" - шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў…

10 мая 2024

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024