Генеральная пракуратура ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларусаў апублікавала спіс з 1352 чалавек. Гэта меркаваныя і ўжо асуджаныя нацысцкія злачынцы перыяду Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу. На тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці іх налічылі менш за ўсё, і толькі тут сярод іх ёсць асуджаныя. Поўныя звесткі пра асобу ёсць толькі ў пяцёрых з усяго спісу, і толькі адзін з пералічаных ня немец.

У спісе часцей за ўсё паказана толькі імя і нацыянальнасць, часам — прозвішча меркаванага злачынца; названая яго пасада і злачынствы. Часцей за ўсё гэта рабаванні, згон у рабства, забойствы мірных грамадзян. Больш за ўсё меркаваных злачынцаў выявілі на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці - 319.

У сучаснай Гродзенскай вобласці такіх людзей налічылі менш за ўсё — 149. З іх толькі пра трох ёсць дакладныя звесткі - імя, прозвішча і дата нараджэння. Гэта:

  • Курт Візо (Kurt Wiese), 04.09.194* г. р. (немец), камендант гета № 1 г. Гродна. У перыяд акупацыі арганізатар і ўдзельнік здзяйснення забойстваў мірных грамадзян, рабаванняў на тэрыторыі Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці;
  • Эбергард Тэшнер (Eberhard Täschner), 09.05.1914 г. н. (немец), камісар Скідзельскага ўчастка Гродзенскай вобласці. У перыяд акупацыі ўдзельнік згону грамадзян у рабства з в. Лунна Скідзельскага раёна і рабаванняў на тэрыторыі Скідзельскага раёна Гродзенскай вобласці;
  • Герхард Эрэн, 04.03.1904 г. н. (немец), гебітскамісар г. Слоніма. У перыяд акупацыі кіраўнік расстрэлаў мірнага насельніцтва, удзельнік згону грамадзян у рабства і рабаванняў на тэрыторыі Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.

* менавіта так было паказана ў спісе на момант публікацыі. Відавочна, што гаворка ідзе пра Курта Візэ, 1914 г. н. Hrodna.life публікаваў падрабязную гісторыю пошукаў злачынца і суда над ім.

Усе трое былі асуджаныя, і гэта адзіныя людзі ў спісе, наконт судзімасці якіх ёсць звесткі.

Усяго ж у спісе з 1352 чалавек толькі ў пяцёрых вядомыя і імя, і прозвішча, і дакладная дата нараджэння. Яшчэ ў сямёрых вядомы год нараджэння, але толькі ў адной з іх паказана поўнае імя.

Ва ўсіх выпадках, акрамя аднаго, нацыянальнасць стаіць немец/немка/немцы, нават у тых, чые прозвішчы гучаць як славянскія (напрыклад, Анацкая Паўліна або Галецкі ў былой Пінскай (сучасная Брэсцкая) вобласці, Ракаўскі ў Мінскай вобласці). Толькі ў адным выпадку нацыянальнасць адсутнічае.

Як складалі спіс

Як адна з крыніц атрымання доказнай базы выкарыстоўвалі акты надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі, утворанай Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лістапада 1942 г. Камісія займалася ўлікам злачынстваў нацыстаў і нанесенай імі шкоды. Таксама вывучалі іншыя архіўныя дакументы.

Супрацоўнікі пракуратуры апытвалі пажылых людзей, якія маглі памятаць падзеі таго перыяду. Пракуратура знайшла амаль 17 тысяч такіх сведак.

Генпракуратура накіравала даручэнні і просьбы аб аказанні прававой дапамогі ва ўстановы юстыцыі 28 замежных дзяржаў. У тым ліку такім чынам хочуць высветліць дакладныя анкетныя дадзеныя пералічаных у спісе асоб і атрымаць звесткі пра іх судзімасці.

Справа аб генацыдзе і суды над памерлымі

Крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Генпракуратура завяла вясной 2021 года. Тады генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што ў 2020 годзе была спроба захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, відавочна, маючы на ўвазе пратэсты супраць падману на прэзідэнцкіх выбарах і гвалту сілавікоў.

«Арганізацыя і фінансаванне названых замахаў на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ажыццяўляецца некаторымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі, датычнымі ў тым ліку да масавага знішчэння беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час,» — сказаў ён тады.

Для расследавання справы праводзілі раскопкі ў месцах масавых забойстваў часоў Другой сусветнай і апытвалі магчымых сведак. У Гродне да расследавання справы аб генацыдзе падключылі студэнтаў і выкладчыкаў гістфака. Праз год выйшла кніга «Генацыд беларускага народа» пад рэдакцыяй генеральнага пракурора Андрэя Шведа. У Новым замку арганізавалі выставу пра генацыд.

У чэрвені 2023 года ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс унеслі папраўкі, згодна з якімі можна распачынаць крымінальныя справы супраць памерлых. Яны закранулі такія злачынствы, як падрыхтоўка або вядзенне агрэсіўнай вайны, акт міжнароднага тэрарызму, генацыд.

«Мы бачым, як адкрыта некаторыя заходнія краіны адмаўляюцца супрацоўнічаць з намі ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. Таму разумеем: чакаць, што яны выдадуць нам тых злачынцаў, якіх хавалі на працягу 80 гадоў, або акажуць запытаную прававую дапамогу, не варта. Мы маем намер дамагацца правасуддзя ў дачыненні да ўсіх датычных да генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нават калі гэтыя карнікі памерлі. У адкрытых судовых пасяджэннях нашых беларускіх судоў мы назавем канкрэтныя абставіны, імёны і злачынствы тых, хто пазбег адказнасці і не панёс пакарання за свае злачынствы. Хочам, каб нашы людзі ведалі гэтых катаў», — патлумачыў Швед.