Купанне дарослых і дзяцей абмежавалі на ўсіх гродзенскіх пляжах на Нёмане, дзе яно было афіцыйна дазволена, і на Юбілейным возеры. Забарона дзейнічае з 28 чэрвеня.
Прычына забароны – аднаразовае перавышэнне індыкатарнага мікрабіялагічнага паказчыка бяспекі ў вадзе паверхневых водных аб’ектаў – возера Юбілейнае і ракі Нёман, удакладнілі ў “Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі”.
У зоне адпачынку “Возера Юбілейнае” абмежавалі купанне дзяцей. Купанне дзяцей і дарослых, а таксама заняткі воднымі відамі спорту забаранілі ва ўсіх легальных зонах адпачынку на Нёмане: «Цэнтральны пляж», “Лесапаркавая тэрыторыя «Урочышча Пышкі» з пляжам” (сцежка здароўя), «Лесапаркавая тэрыторыя «Урочышча Ласосна» з пляжам».
Таксама з 27 чэрвеня забаранілі купанне дзяцей і дарослых і заняткі воднымі відамі спорту ў вадзе сажалкі каля аграгарадка Луцкаўляны Гродзенскага раёна. Прычына забароны аналагічная – аднаразовае перавышэнне індыкатарнага мікрабіялагічнага паказчыка бяспекі.
У Гродне і ваколіцах ёсць шмат вадаёмаў. Але купацца можна толькі ў дазволеных месцах, дзе дзяжураць ратавальнікі. Інакш можна атрымаць штраф. Hrodna.life раней сабраў спіс такіх месцаў для купання ў Гродзенскім раёне.



