У вёсцы Плябанаўцы Мастоўскага раёна запланаваны капітальны рамонт уваходнай брамы Свята-Траецкага касцёла. Пры капітальным рамонце зробяць адмостку, адрамантуюць ўчасткі сцен, заменяць абшыўку сцен, адрамантуюць прыступкі, заменяць дах і зробяць сістэмы арганізаванага вадасцёку.
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна праводзіць закупку з адной крыніцы. Рамонт запланаваны з 16 чэрвеня па 15 верасня 2023 года. Кошт — 5000 рублёў з раённага бюджэту.
Пакуль правядуць абследаванні тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый, распрацуюць праектную дакументацыю і неабходныя дакументы.
Рамонт пракантралюе Мінкульт
Браму адрамантуюць у рамках інвестыцыйнай праграмы на 2023 год па Гродзенскай вобласці. Архітэктурна-планіровачныя рашэнне ўзгодняць з аддзелам архітэктуры і будаўніцтва Мастоўскага райвыканкама.
Праектныя рашэнні павінны прадугледжваць захаванне адметных элементаў, паведамляе Міністэрства культуры. З ім ўзгодняць усю дакументацыю.
Касцёл XVIII стагоддзя
Касцёл пабудавалі ў 1740 годзе. Ён уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Касцёл мае катэгорыю «2» — гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія маюць нацыянальную значнасць.
Касцёл — помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока. У ім ёсць тры алтары, роспіс і орган.
У пачатку 2023 года на рамонт касцёла збіраў грошы аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама.
«Варта звярнуць увагу на ўваходныя вароты, якія знаходзяцца пры ўваходзе ў храм. На вялікі жаль, гэты будынак паступова руйнуецца, у апошні час гэта адбываецца вельмі хутка. І калі цяпер не прыняць пэўных дзеянняў, то аднавіць яго потым не будзе магчымасці.
Цяпер у Свята-Траецкім храме служыць неабыякавы святар, які зацікаўлены ў тым, каб наша спадчына не была страчана. Ім адкрыты ў Беларусбанку дабрачынны разліковы рахунак для правядзення рамонтных работ", — пісалі ў студзені 2023 на сайце райвыканкама.
Чытайце таксама: У Гродне камяніцу XIX стагоддзя чакае капітальны рамонт
Рамонт перанеслі
UPD 9 кастрычніка. Працягваецца падрыхтоўка да рамонту брамы касцёла XVIII стагоддзя ў Плябанаўцах. Перайшлі да пошуку падрадчыка на выкананне праектна-каштарыснай дакументацыі. Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна хоча выдаткаваць на гэта 10 000 рублёў з раённага бюджэту.
Мінкульт даў дазвол на працы. Стала вядома, што ўключае капітальны рамонт:
- уладкаванне адмосткі,
- вертыкальная планіроўка;
- рамонт і аднаўленне ўчасткаў сцен;
- замена ашалёўкі сцен;
- рамонт прыступак;
- замена дахавага пакрыцця;
- уладкаванне сістэмы арганізаванага вадасцёку.
Рамонт перанеслі на красавік 2024 года.