Чэрвень лічаць часам найбольшай біялагічнай актыўнасці іксодавых кляшчоў. У Гродне іх знайшлі амаль ва ўсіх лясах на краі горада, а лясы васьмі з чатырнаццаці сельсаветаў Гродзенскага раёна эпідэміёлагі палічылі тэрыторыямі рызыкі.

Пасля абследавання паркаў, сквераў, зялёных зонаў і лясоў на пачатак чэрвеня іксодавых кляшчоў адшукалі ў лясах на краі горада, якія пераходзяць у прыгарад. Гэта:

  • урочышча Пышкі,
  • урочышча Ласосна,
  • мікрараён Фолюш,
  • Грандзічы,
  • Баранавічы,
  • Вішнявец,
  • Альшанка.

У гэтых месцах, а таксама ў лесапарку Румлёва і на Юбілейным возеры (урочышча Чэхаўшчызна) фіксавалі і найбольшую колькасць укусаў кляшчоў. У Баранавічах кусалі менш.

У скверах і парках з коратка стрыжанымі газонамі і рэдкімі дрэвамі кляшчоў не знайшлі.

«Тэрыторыі рызыкі» ў Гродзенскім раёне, як і летась, аказаліся лясныя масівы сельскіх саветаў:

  • Капцеўскі,
  • Падлабенскі,
  • Сапоцкінскі,
  • Азёрскі,
  • Парэцкі,
  • Гожскі,
  • Квасоўскі,
  • Скідзельскі.

Перад пачаткам сезону ад кляшчоў апрацавалі ўсе аздараўленчыя лагеры на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна.

Колькі людзей пакусалі і колькі з іх захварэла

З пачатку года па медыцынскую дапамогу праз прысмоктванне кляшчоў звярнуліся 497 чалавек. Гэта прыблізна столькі ж, колькі было ў адпаведны перыяд мінулага 2022 года (477 чалавек).

У 2023 годзе ўдзельная вага людзей, якія пацярпелі ад укусаў кляшчоў у лясах Гродна або блізкіх ад горада, склала 63% (2022 — 43%). На тэрыторыі лясоў Гродзенскага раёна — 14,7% (у 2022 было 12,5%), на тэрыторыі іншых раёнаў Гродзенскай вобласці і абласцей Рэспублікі Беларусь — 29,2% (у 2022 — 14,4%). Пры гэтым 37,1% кажуць пра тое, што «падчапілі» кляшчоў на лецішчах, прысядзібных участках і прыватных домаўладаннях горада і раёна (у 2022 — 34,4%),

Клешчавымі інфекцыямі за 5 месяцаў 2023 года захварэла 26 жыхароў горада і раёна. З іх у большасці (22 чалавекі) быў лайм-барэліёз, у чацвярых — вірусны энцэфаліт. У 2022 годзе хворых было 8 і 4 адпаведна. 92% з тых, хто захварэў, кляшчы ўкусілі менавіта ў лесе.

Як і ў 2022 годзе, не рэгістравалі выпадкаў захворвання клешчавымі інфекцыямі сярод людзей з групы прафесійнай рызыкі. Не было і тых, хто заразіўся клешчавым энцэфалітам праз некіпячонае малако козаў і прадукты з яго, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку (у 2022 годзе такім шляхам заразілася трое).

Як абараніцца ад кляшчоў

Знаходзячыся на прыродзе, трэба:

  • максімальна прыкрываць цела, апранаць светлае адзенне (на ім лепш бачныя кляшчы) з доўгімі рукавамі і капюшонам, штаны запраўляць у шкарпэткі;
  • кожныя дзве гадзіны (а можна і часцей) правяраць сябе і тых, хто з вамі, на кляшчоў. Асабліва ўважліва трэба аглядаць шыю, падпахі, пахвінную вобласць, вушныя ракавіны — у гэтых месцах скура асабліва пяшчотная і тонкая, кляшчы часцей за ўсё прысмоктваюцца там. Варта правяраць таксама жывёл і букеты з лясных і палявых кветак;
  • выкарыстоўваць інсекта-акарыцыдные сродкі. Не забывайце чытаць інструкцыю.

Не варта ўжываць сырое казінае малако і прадукты з яго (тварог, сыр, смятану), якія не прайшлі тэрмічнай апрацоўкі.

Што рабіць, калі ўжо ўкусілі

Як выдаліць кляшча:

  • Ніткай. Завяжыце яе вузлом, як мага бліжэй да хабатка. Закручваючы канцы ніткі кругавымі рухамі, выміце кляшча, паволі падцягваючы яго ўверх. Нельга цягнуць рэзка, каб не адарваць хабаток — ён будзе запаляцца.
  • Пінцэтам. Кляшча захапіце як мага бліжэй да хабатка і акуратна выцягніце, круцячы вакол сваёй восі ў зручны бок. Звычайна кляшча можна дастаць цалкам праз пару абаротаў. Выдзіраць, зноў жа, нельга.

Нельга выкарыстоўваць алей і тлустыя крэмы, якія закаркоўваюць дыхальныя адтуліны кляшча. Так можна справакаваць дадатковы выкід узбуджальнікаў хвароб у кроў.

Пасля здабывання кляшча апрацуйце скуру настойкай ёду або спіртам. У першыя 72 гадзіны варта звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта (педыятра) або інфекцыяніста, які прызначыць прафілактычнае лячэнне супраць клешчавых інфекцый і прызначыць назіранне. Гэта максімальны тэрмін, у які хіміяпрафілактыка дасягне максімальнага эфекту.

Эфектыўнымі метадамі зніжэння колькасці кляшчоў застаюцца супрацьклешчавыя апрацоўкі тэрыторый, санітарныя высечкі, выдаленне сухастою і ламачча, прарэджванне хмызняку, кашэнне і знішчэнне бытавых сметнікаў. Апрацоўка дзесяці сотак прысядзібнага ўчастка каштуе каля 25 рублёў. Паслугу аказваюць спецыялісты дэзінфекцыйнага аддзялення Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.