Музыка Ігар Банцэр выйшаў з псіхлячэбніцы ў Варшаве. У ёй ён правёў месяц. Музыканту паставілі дыягназ — F31.1 «Біпалярнае афектыўнае расстройства, бягучы эпізод маніі без псіхатычных сімптомаў». Пра гэта ён распавёў у сваім Facebook.
На працягу лячэння музыканта ставілі і «шызафрэнію». «Падобна на тое, мне пашанцавала, што мяне выпісалі з псіхіятрычнай бальніцы ўсяго праз месяц. Я цаню „медыкаментозную“ тэрапію (аланзапін х 20 мг/ сут; вальпроевая кіслата х 1000 мг/сут; атыван х 2,5 мг/сут) для чалавека, які цвярозы апошнія 14 гадоў і ніколі ў сваім [не]святым жыцця не ўжываў наркотыкі…»
Ігар Банцэр — лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаўся культурнай і грамадскай дзейнасцю. Стрэйтэджар — не есць мяса, не ўжывае алкаголь, прытрымліваецца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў. Яго асудзілі да паўтара года «хіміі» за нібыта хуліганства. З’ехаў з Беларусі пасля шэрагу адміністрацыйных спраў.
Як Банцэр трапіў у псіхлячэбніцу
Па словах яго сяброў, Банцэр быў у офісе для людзей з інваліднасцю, каб дапамагчы аднаму са сваіх сяброў вырашыць пытанні. Яго затрымала паліцыя, якую выклікалі нібыта праз ягоны голас, знешнасць і ўсходнееўрапейскі акцэнт. У паліцэйскіх жа актах напісана, што ён кідаў крэслы ўнутры офіса і паводзіў сябе агрэсіўна.
Сам Банцэр абяцаў звярнуцца да суда па факце яго затрымання.
Прызнанне ў гвалце
У пачатку траўня Банцэр напісаў пост на Facebook, дзе прызнаўся ў гвалце ў дачыненні да сваёй дзяўчыны. Ён падрабязна апісаў, як біў яе, сілком утрымліваў і ўжыў газавы балончык. Пазней ён выдаліў пост. Рэдакцыя Hrodna.life звярнулася да фігурантаў гісторыі і да юрыста. Мы будзем абнаўляць тэкст пазней.
UPD 8 чэрвеня. Банцэр адзначыў, што перажывае цяжкія дні пасля таго, як яму дыягназавалі БАР. Ён не ведае, як будзе жыць далей. Ён плануе напісаць заяву па факце яго затрымання і будзе дамагацца кампенсацыі.
Музыкант сказаў, што не выдаляў пост з прызнаннем. Яго прыбраў алгарытм Facebook праз паўтара сутак праз парушэнне прыватнасці - Ігар размясціў дадзеныя сваёй ID-card. Ва Instagram пост быў два с паловай тыдні.
«Я напісаў пост, каб папрасіць прабачэння ў чалавека, які падтрымаў мяне ў трудную хвіліну. Калі я быў пад ціскам абставін, жыццёвай сітуацыі ў (вымушанай) палітэміграцыі з мінімальнай падтрымкай і здрадамі людзей, якіх я лічыў сябрамі. Я не вытрымаў ціску і сарваўся. Такое не магло здарыцца ў маёй галаве. Чаму адбылося ў рэальнасці - ня ведаю дасюль…
Я лічу сябе ахвярай псіхафабіі і лічу патрэбным, каб паўз мой выпадак дыскусія пра праблемы людзей з ментальнымі праблемамі сталася больш цывілізаванай і ў беларускіх СМІ. Стыгматызацыя людзей з ментальнай непаўнаспраўнасцю можа прывесці да непапраўных здарэнняў, таму давайце зважаць на словы і больш эмпатычна падыходзіць да сяброў ці блізкіх якія могуць мець праблемы з ментальнымі здароў'ем", — сказаў Ігар.
Яго дзяўчына не звярталася ў нейкія інстацыі. Яна паведаміла, што не разумее, як сітуацыя са шпіталізаваннем звязаная з ёй. Яна не здымала пабоі, паколькі «гэта не мела б ні найменшага сэнсу».
Крымінальная справа ў Беларусі
«Калі чалавек здзейсніў дзеянні, якія могуць быць судом прызнаны злачынствам супраць здароўя і жыцця асобы, крымінальная справа можа быць распачата не інакш, як па заяве пацярпелага. Пакуль не звернецца пацярпелы бок, гэта немагчыма. Так, прынамсі, па беларускім заканадаўстве», — паведамілі Hrodna.life ў службе юрыдычнай дапамогі «Вясны».
Але бывае, што пракуратура ўзбуджае справу і без заявы. Сітуацыю апісала «Зеркало».
Крымінальная справа ў Польшчы
Згодна з польскім заканадаўствам, злачынствы паводле арт. 207 КК, якія тычацца жорсткага абыходжання з блізкім чалавекам, пераследуюцца аўтаматычна. Гэта азначае, што ў выпадку паведамлення паліцыі або пракуратуры, гэтыя органы будуць абавязаны распачаць вытворчасць па справе. Апавяшчэнне аб правапарушэнні можа быць накіравана непасрэдна ў пракуратуру. Паліцыі пра сітуацыю можа паведаміць вусна (у паліцэйскім участку), па тэлефоне ці пісьмова, распавяла Іаланта Гавэнда, экспертка па барацьбе з гвалтам і віцэ-прэзідэнтка арганізацыі «Feminoteka».
Што кажа паліцыя?
Рэдакцыя Hrodna.life звярнулася па каментар да польскай паліцыі. У адказ на электронны ліст паведамілі, што не каментуюць акалічнасці затрымання асоб, названых па імені.
Чытайце таксама: «Усе параўнанні на карысць польскага». Ігар Банцэр расказаў, чым псіхіятрычны шпіталь у Польшчы лепш за беларускі