У пункце пропуску «Прывалка» на граніцы з Літвой з беларускага боку прыбралі прыпаркаваныя ровары. Забіраць іх прыйдзецца ў Гродне — калі ёсць доказ валодання.

Уладальнікам прапануюць шукаць іх у Гродзенскім раённым аддзеле міліцыі на Азёрскай шашы, удакладнілі ў адным з чатаў, прысвечаных перасячэнню мяжы. Каб забраць ровар, гаспадару трэба даказаць, што ён сапраўды ягоны. Для гэтага трэба падаць адпаведныя дакументы ці прынамсі паказаць фатаграфію з роварам.

Так ужо рабілі зімой. Тады супрацоўнікі ДАІ перадалі ў «бюро знаходак» УУС Гродзенскага райвыканкама каля трох дзясяткаў ровараў.

Раней пры перасячэнні мяжы на ровары можна было праязджаць па-за чаргой. Гэтым часта карысталіся тыя, хто ездзіў за закупкамі, і кіроўцы фур, якія працуюць за мяжой і хочуць хутчэй трапіць дадому. Яны пад’язджалі на машыне ці на фуры і каля самай мяжы мянялі транспарт: па абодва бакі звычайна было прымацавана шмат пакінутых ровараў.

Веласіпедысты цяпер стаяць у агульнай чарзе

З 14 мая ў пункце «Райгардас» («Прывалка») перасталі пускаць ровары па-за чаргой. З 14 траўня яны павінны стаяць у агульнай чарзе з машынамі. Літоўскія памежнікі спасылаюцца на нядаўнія змены ва ўнутраных правілах. Ровары чаргуюць з машынамі па тры праз тры.

15 траўня праходжанне мяжы на ровары займала блізу 5 гадзін, — удакладнілі ў адным з чатаў, прысвечаных перасячэнню мяжы з Еўразвязам. Праз гэта аўто праходзяць мяжу трохі хутчэй.

Перасякаць мяжу на роварах можна на літоўскіх пераходах, на пераходзе ў Польшчу «Брэст-Цярэспаль» — нельга.

Чытайце таксама: Як выехаць за мяжу пасля скасавання «Зялёнай карты» для беларусаў