У Гродне застаўся толькі адзін аўтаматызаваны пракат самакатаў. Астатнія закрыліся праз нізкі попыт. Сваю ролю адыграла і інфраструктура горада, якая не дазваляе зручна дабірацца на электрасамакатах з аднаго раёна ў іншы. Сітуацыю з кікшэрынгам у Гродне прааналізаваў «АўтаГродна».

Пракаты самакатаў сыходзяць з Гродна: закрыліся тры кікшэрынгі з чатырох
Самакаты ў цэнтры Гродна. Архіўнае фота Hrodna.life

Куды знікае кікшэрынг

SAMOKATO

Гродзенскі кікшэрынг SAMOKATO — першы пракат электрасамакатаў у Гродне. Яго запусцілі летам 2019 года. Але летам 2022 года пракат закрылі. Ва ўладальнікаў узніклі праблемы з праграмным забеспячэннем і яны закрылі бізнес. Самакаты яны распрадалі.

«У Гродне самакаты так і засталіся элементам забаў. Па-першае, у Гродне вельмі танныя паслугі таксі і людзям складана патлумачыць, чаму пракат самакатаў каштуе столькі, колькі каштуе. Але ніжэй гэтую цэну зрабіць не атрымоўвалася ніяк. Па-другое, інфраструктура горада яшчэ не гатовая, каб на электрасамакатах было камфортна дабірацца з аднаго раёна ў другі. То бок пракаціцца па цэнтры, забавіцца — выдатна. Але выкарыстоўваць іх як сродак перасоўвання ў Гродне складана», — сказалі былыя ўладальнікі SAMOKATO.

Чытайце таксама: У Гродне месяц працуе сістэма арэнды самакатаў: іх везлі і ў Скідзель, і ў Абухава, і ў Ваўкавыск

Eleven

Кікшэрынг Eleven пачаў працаваць у Гродне ў сакавіку 2021 года. Яго запусціла мінская кампанія. Але ў 2023 годзе Eleven не даступны ў горадзе. У тэхнічнай падтрымцы кампаніі прычынаў сыходу кікшэрынгу з Гродна не ведаюць.

BusyFly

Кікшэрынг BusyFly працаваў у Гродне ў 2022 годзе. Кампанія тады выставіла 80 самакатаў. У сацыяльных сетках кампаніі 4 траўня 2023 года паведамілі, што кампанія сышла з Гродна.

Прычына сыходу — нізкі попыт на самакаты. Падчас працы кампанія зніжала тарыфы, рабіла іх разнастайнымі, таксама быў бясплатны старт, але гэта не дапамагло. У гэтым сезоне кампанія не плануе вяртацца ў Гродна, але гэта магчыма ў 2024 годзе.

Якія пракаты самакатаў працуюць у Гродне

SunRent

Пракат самакатаў SunRent — адзіны кікшэрынг, які застаўся ў Гродне. Фірма выстаўляе свае самакаты ў розных раёнах горада. Цана адной хвіліны паездкі - 0,17 рублёў, а старт бясплатны.

Hostel Center

Пракат самакатаў і сігвэяў размяшчаецца на вуліцы Савецкай, 6 у Hostel Center. Ён працуе 24/7, але дасяжны асобам старэйшым за 18 гадоў, а самакат трэба будзе вярнуць у кропку выдачы.

Цана на пракат самакатаў

  • 30 хвілін — 8 рублёў у буднія дні, 10 рублёў у выхадныя;
  • 1 гадзініна — 12 рублёў у буднія дні, 14 рублёў у выхадныя;
  • 2 гадзіны — 18 рублёў у буднія дні, 20 рублёў у выхадныя;
  • 3 гадзіны — 26 рублёў у буднія дні, 28 рублёў у выхадныя;
  • 1 суткі - 40 рублёў у буднія дні, 45 рублёў у выхадныя;
  • Наступныя суткі - 35 рублёў у буднія дні, 40 рублёў у выхадныя;
  • Начное катанне (з 23:00 да 05:00) — 30 рублёў у буднія дні, 35 рублёў у выхадныя.

*Пры сабе трэба мець пашпарт.

Пракат на плошчы Савецкай

Сігвэі і самакаты можна арэндаваць на Савецкай плошчы. Цана праката:

  • 10 хвілін — 3 рублі;
  • 20 хвілін — 5 рублёў;
  • 40 хвілін — 10 рублёў;
  • 1 гадзіна — 15 рублёў.

Час працы ў буднія дні з 11:00 да 22:00

Выхадныя з 10:00 да 23:00

Чытайце таксама: Пракаты веласіпедаў у Гродне — 2023: дзе і за колькі можна ўзяць ровар у арэнду