Гродзенскі шклозавод запісваў у дабравольцы, «ГроднаГандальСэрвіс» ехаў «на Берлін», а тытунёвая фабрыка «Нёман» паказвала вайсковую штодзённасць. У Гродне 9 траўня адбыўся парад стылізаваных аўтамабіляў «Дороги Победы на благо страны».

Больш за 20 стылізаваных аўтамабіляў праехалі па вуліцы Дзяржынскага. У кузаве кожнага гродзенскія прадпрыемствы арганізавалі міні-інсталяцыю на тэму вайсковых гадоў. Задума інсталяцый — паказаць вайсковыя часы ад 22 чэрвеня 1941 года да 9 траўня 1945 года. А таксама сучасную Беларусь.
У пачатку аўтакалоны праехаў аўтмабіль ГАЗ-АА. За ім ехалі аўтамабілі гродзенскіх прадпрыемстваў. «Гроднааблгаз» паказаў школьны выпускны 1941 года, Гродзенскі мясакамбінат — першы дзень вайны. Аўтамабіль ад «ГроднаГандальСэрвіса» праехаў з транспарантам «На Берлін!». Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» паказала вайсковыя будні.
Падчас шэсця неслі сцягі Расіі і СССР
У канцы аўтакалоны на савецкіх аўтамабілях прывезлі ветэранаў. Яны разам з гродзенскімі чыноўнікамі і прадстаўнікамі духавенства пайшлі да вечнага агню ў парку Жылібера, каб ускласці кветкі перад помнікам партызанам.

Пасля гэтага адбылося шэсце ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай. Удзельнікі прайшлі з партрэтамі ветэранаў і ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. Некаторыя неслі сцягі СССР, а таксама Расійскай Федэрацыі.
На Савецкай плошчы адбыўся мітынг. Там віншавалі ветэранаў, спявалі песні, таксама выступіла ганаровая варта.
«Сцяг перамогі» павесілі над драматычным тэатрам
Раніцай 9 траўня на даху драматычнага тэатра памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў падняў «Сцяг перамогі».

Праўладная актывістка Вольга Бондарава з сябрамі зладзілі акцыю «Бессмяротны полк» з савецкімі сцягамі. Некаторыя з удзельнікаў былі ў камуфляжах і цішотках з гербам СССР.
Чытайце таксама: Ретро-авто, концерт Газманова и салют. Как отпразднуют 9 мая в Гродно