Навіны

Народнае апалчэнне ў Ваўкавыску, прытулак Гаўрыілы, ціск на ўладальнікаў карты паляка. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Ваўкавыску сфармавалі атрад народнага апалчэння. Ігумення Гаўрыіла хоча забіраць у манастыр дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі правоў. Ва ўстановах адукацыі Ліды ціснуць на ўладальнікаў карты паляка. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 1 па 7 траўня.

Ларыса Геніюш знікла з набору закладак «Пісьменнікі ХХ стагоддзя»

Замест яе з’явілася Ніна Мацяш. На гэта звярнула ўвагу Вольга Бондарава.

З нагоды закладак у пракуратуру звярталіся актывістка Вольга Бондарава. Пракуратура Фрунзенскага раёна ў адказе Бондаравай паведаміла, што ў наборы закладак OZ.by адсутнічае закладка з Геніюш.

Між тым, яе кнігі, зборнікі экстрэмісцкімі не прызнаныя. Таму падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання не маецца.

Закладкі без Геніюш. Фота OZ.by

Мужчыну ў Слоніме судзілі за бойку са смяротным зыходам. СМІ паведамлялі, што гэта супрацоўнік ДАІ

Суд Слонімскага раёна 26 красавіка вынес прысуд мужчыну за бойку са смяротным зыходам — ён ударыў апанента локцем у твар, той упаў і стукнуўся галавой, атрымаўшы траўму, ад якой і памёр. СМІ паведамлялі, што абвінавачаны — супрацоўнік ДАІ, якога пасля бойкі звольнілі заднім чыслом, піша Zerkalo.io.

Увечары 27 жніўня 2022 года на аўтастаянцы каля крамы «АЛМИ» па праспекце Незалежнасці ў Слоніме пасварыліся двое мужчын, завязалася бойка. Адзін ударыў другога локцем у твар, ад чаго той упаў і стукнуўся галавой аб асфальт. Пацярпелы атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, якая стала прычынай яго смерці.

Абвінавачаны ў судовым пасяджэнні віну прызнаў. Суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага. Яму прызначылі 6 гадоў і 6 месяцаў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ён таксама павінен пакрыць маці загінулага маральную шкоду — 30 000 рублёў. СМІ паведамлялі, што абвінавачаны быў супрацоўнікам ДАІ. Яго спачатку затрымалі, а затым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Дзяніс Івашын выйшаў з ШІЗА 30 красавіка

«Дзяніс сказаў, што адчувае сябе пасьля чарговай спробы катаваньня холадам нармалёва. Хаця апошнія некалькі дзён, паводле ягоных словаў, былі самымі лютымі. Магчыма, гэта зьвязана з адключэньнем ацяпленьня (спадзяюся, плянавым, а не наўмысным, але даведаемся пазьней)» — напісала яго жонка Вольга.

Палітвязня Андрэя Герасімовіча змясцілі ў ШІЗА

Тэрмін Герасімовіч адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Адміністрацыя ўстановы прыкладна з сярэдзіны красавіка змясціла палітвязня ў ШІЗА. Прычыны невядомыя, але рапартаў было складзена шмат. Паведамляецца, што яго могуць утрымліваць там да 100 дзён, паведамляе «Вясна».

Андрэй — ураджэнец Ліды, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Хлопца абвінавацілі паводле арт. 364 КК «Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі» і арт.342 КК «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і прызначылі 2,5 года калоніі.

Андрэй Герасімовіч. Фота: сацсеткі героя

Затрыманую ў Гродне Лізавету Бялятка аштрафавалі на 25 базавых велічынь (925 рублёў)

Яе затрымалі ў красавіку і паказалі ў відэа «зачысткі», паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Затрыманая Лізавета Белятка. Скрыншот Hrodna.life

Пасля ўзмацнення пакарання 73-гадовага Барыса Кучынскага адправілі ў калонію

Спачатку 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна Кучынскага асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Мужчыну судзілі за адзін рэпост у «Аднакласніках» паста аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктару Лутчанку, паведамляе «Вясна».

Пракуратура падала апеляцыйную скаргу на прысуд. Гродзенскі абласны суд яе задаволіў і асудзіў Кучынскага на два гады калоніі агульнага рэжыму.

Барыс Кучынскі. Фота: «Гарадзенская вясна»

Палітвязняволенаму Артуру Чарняўскаму, верагодна, узмацнілі пакаранне

Ён адбываў абмежаванне волі ў ПУАТ № 24 у Гродне. Паштоўкі да Дня нараджэння, якія яму накіроўваліся, не дайшлі да адрасата. На паштовым адпраўленні можна прачытаць пазнаку «за выездам, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».

Артур Чарняўскі быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады па арт.369 КК на 2 гады «хіміі» ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў кастрычніку 2022 года. 13 студзеня 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Гродна Артура пачалі судзіць па ч.1 арт. 368 КК. Верагодна, Чарняўскага дадаткова асудзілі і ўзмацнілі рэжым зняволення.

Асуджаную на «хатнюю хімію» Рэгіну Лавор хочуць накіраваць у ПУАТ

Суд аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прайшоў 3 траўня ў судзе Іўеўскага раёна.

Рэгіну асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады. У 2022 годзе яе тройчы арыштоўвалі за парушэнні рэжыму. У красавіку 2023 года яе вывезлі з дому сілавікі для тлумачэнняў. Паводле іх версіі, яна не адчыніла дзверы дома падчас праверкі 8 красавіка.

Рэгіна Лавор. Фота: Вясна

Ліквідуюць Гродзенскае грамадскае аб’яднанне шматдзетных бацькоў і сірот

Яно працавала з 2001 года. Пасяджэнне аб ліквідацыі пройдзе 12 траўня ў Гродзенскім абласным судзе. Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».

У арганізацыі было 97 чалавек. У сувязі з пандэміяй мерапрыемствы ў 2021 годзе не праводзілі.

Гродзенца асудзілі на пяць гадоў калоніі за лайкі ў «Аднакласніках»

Жыхара Гродна Валерыя Віскірскага затрымалі 27 чэрвеня 2022 года. Першапачатковая прычына затрымання — распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пазней мужчыне прад’явілі абвінавачванні па крымінальнай справе за шматлікія лайкі ў «Аднакласніках». Судовую справу разглядаў Віталь Лабоцкі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Рашэнне вынеслі 14 сакавіка, паведамляе MAYDAY.TEAM.

Судзілі Віскірскага па шасці артыкулах КК:

Валерый Віскірскі. Фота: «Вясна»
  • 367 ч. 2 — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 342 ч. 1 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • 368 ч. 1 — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 370 — Здзек з дзяржаўных сімвалаў;
  • 369 — Абраза прадстаўніка ўлады;
  • 366 ч.2 — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.

У траўні чакаецца апеляцыя. На дадзены момант мужчына знаходзіцца ў СІЗА Гродна.

Апеляцыйная скарга на прысуд Анджэю Пачобуту будзе разгледжаная Вярхоўным судом Беларусі 26 траўня

8 лютага ў Гродзенскім абласным судзе суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд палітвязню журналісту і актывісту польскай меншасці Анджэю Пачобуту. Суддзя прысудзіў журналіста да 8 гадоў калоніі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ва ўстановах адукацыі Ліды ціснуць на ўладальнікаў карты паляка

«Невядома, адкуль яны іх бяруць, але да кіраўніцтва прыходзяць спісы, у якіх пазначана, што чалавек мае такі дакумент. Тых, хто ў спісе, выклікаюць на гутарку, падчас якой ціснуць на чалавека, каб той напісаў адмову і здаў дакумент», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Гараджанін сцвярджае, што тым, хто не згаджаецца адмовіцца ад карты, пагражаюць звальненнем.

«Калі ў чалавека хутка заканчваецца кантракт, то яго папярэджваюць, што, не адмовіўшыся ад карты паляка, на яго падаўжэнне можна нават не разлічваць. Калі да канца кантракту яшчэ далёка, то палохаюць магчымым звальненнем. У некаторых выпадках ціснуць тым, што супрацоўнік з картай паляка калі і застанецца працаваць, то можа нават не марыць аб павышэнні па кар’ернай лесвіцы».

Іншы суразмоўца з Ліды кажа, што цяпер перад тым, як каго-небудзь павысіць, кандыдата максімальна глыбока правяраюць на лаяльнасць рэжыму.

«Чалавек з картай паляка фактычна не можа разлічваць на павышэнне і займаць нейкую нават не самую высокую кіруючую пасаду ў дзяржаўных установах. Ёсць выпадкі, калі чалавек ужо адной нагой быў на іншай пасадзе, але ў выніку паглыбленай праверкі высвятлялася, што ў яго ёсць карта паляка. Паралельна з гэтым на дзяржпрадпрыемствах і ўстановах не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненні да нелаяльных да рэжыму».

Па словах суразмоўцы, у горадзе вядомыя выпадкі, калі людзі не змаглі пайсці на павышэнне толькі з-за таго, што пакідалі свае подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Асуджаны студэнт Кірыл Кетурка з’ехаў з Беларусі

У 2022 годзе 18-гадовага Кірыла Кетурка з Гродна адлічылі з каледжа падчас яго зняволення і асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за каментары і ўдзел у акцыі пратэсту. Тры месяцы ён прайшоў у гродзенскай турме, паведамляе «Вясна».

Хлопцу трэба было з’ездзіць у Мінск. Гэта палічылі парушэннем і адправілі хлопца ў карцар. Пасля інспектар накіраваў дакументы ў суд для ўзмацнення пакарання — з «хатняй хіміі» на калонію. 17 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна быў прызначаны працэс па пытанні замены пакарання. Кірыл не з’явіўся на пасяджэнне, бо ўжо пакінуў Беларусь. У выніку справу пакінулі без разгляду і адправілі назад у крымінальна-выканаўчую інспекцыю.

Эвакуявацца з Беларусі Кірылу дапамог BYSOL.

Кірыл Кетурка. Фота: «Вясна»

У Гродне з’явіўся мурад генералу Карбышаву

Мурал генерала-інжынера Дзмітрыя Карбышава стварылі ў школе № 15 горада Гродна імя Карбышава. Яго размясцілі на сцяне будынка школьнага музея, прысвечанага жыццю і ваенным подзвігам генерала-будаўніка, паведамляе Sputnik.

Ідэя стварыць мурал належыць адміністрацыі школы і бацькоўскаму актыву. Маляваў яго па ўжо распрацаваным макеце гродзенскі мастак. На адкрыццё напярэдадні Дня Перамогі школа запрасіла праўладнага актывіста Аляксея Талая.

Мурал Карбышава. Фота Sputnik.by
Затрыманы ІП. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка

Сілавікі падбеглі да мужчыны на вуліцы.

Гродзенец займаецца здачай тэхнікі ў арэнду. У чым яго абвінавачваюць, зразумець не ўдалося. Мужчына сказаў на камеру, што «залез на экстрэмісцкія сайты».

Новыя «экстрэмісты»

Заяц Данііл Леанідавіч з Гродна папоўніў «спіс экстрэмістаў» 5 траўня.

71-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча асудзілі яшчэ да 2,5 гадоў калоніі

У судзе Савецкага раёна Гомеля 2 траўня вынеслі прысуд 71-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васілю Дземідовічу. Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў пенсіянера вінаватым паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт.391 КК (Абраза суддзі) і прызначыў 2,5 калоніі са штрафам сумай 30 базавых адзінак (1100 рублёў), паведамляе «Вясна».

Шляхам частковага складання канчаткова пенсіянеру прызначылі 7 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 4 930 рублёў.

Палітвязня ўжо чатыры разы судзілі за рэпосты і каментары. 5 траўня ў Пухавічах над Дземідовічам пачаўся ўжо пяты суд — яго вінавацяць зноў паводле арт. 369 КК.

Васіль Дземідовіч. Фота: «Вясна»

У Ваўкавыску сфармавалі атрад народнага апалчэння

Адзін з удзельнікаў - ваенны пенсіянер — распавёў, што яго два дзеда дайшлі да Берліна, а сыны служаць. Ён ведае, што натаўцы праводзяць вучэнні на тэрыторыі Літвы і гатовы прыехаць у Берлін Брусэль на танку.

Законапраект «Аб народным апалчэнні» абмяркоўвалі зімой гэтага года, але так і не апублікавалі. Атрады ствараюць для «забеспячэння грамадскага парадку ў мясцовых населеных пунктах» і для таго, каб «забяспечваць бяспеку руху вайсковай тэхнікі».

Народнае апалчэнне ў Ваўкавыску. Фота: «Гродзенская праўда»

Ігумення Гаўрыіла хоча забіраць у манастыр дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі правоў

У манастырах Беларускай праваслаўнай царквы будуць арганізоўваць прыюты для дзяцей. Першым такім манастыром будзе Гродзенскі Свята-Растава-Багародзічны жаночы манастыр, якім кіруе ігумення Гаўрыіла.

Наталля Качанава і Ігумення Гаўрыіла. Крыніца: sovrep.gov.by

Мінінфарм абмежаваў доступ да гродзенскага сайта

6 траўня з Беларусі перастаў адкрывацца інтэрнэт-рэсурс newgrodno.by. Пры спробе ўвайсці з’яўляецца паведамленне, што доступ абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі ў адпаведнасці з Законам аб СМІ.

Асудзілі ўладальніка крамы «АвтоЗапчасти» ў Гродне. Ён паскардзіўся на сілавікоў, а справу завялі на яго

Уладальніка гродзенскай крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшу асудзілі на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен пагасіць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду. Яго судзілі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (арт.424 ч. 3 КК) і ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 ч. 2 КК у рэдакцыі да 26 траўня 2021 года).

Айцішніку з Гродна Глебу Койпішу хочуць узмацніць пакаранне

5 траўня ў судзе Мазырскага раёна пачаўся суд над Глебам Койпішам пра замену абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасяджэнне з’явілася ў анлайн-раскладзе. У снежні 2021 года Глеба асудзілі на два гады «хіміі» за марш пратэсту.

Глеб Койпіш, дырэктар студыі «Іквадарт» да затрымання. Фота: Instagram героя

Ігар Банцэр расказаў, чым псіхіятрычны шпіталь у Польшчы лепш за беларускі

Гродзенскі рок-музыка Ігар Банцэр патрапіў у псіхіятрычную клініку ў Варшаве. «Мяне затрымалі за тое, што я Банцэр: што я выглядаю так, як выглядаю, маю добра пастаўлены голас, і, калі размаўляю, людзям здаецца, што я крычу. Людзі вельмі часта прымаюць маю экспрэсію за агрэсію», — сказаў Ігар Банцэр.

Ігар Банцэр ў праекце «Мы вернемся». Скрыншот Hrodna.life

Новы кіраўнік Кастрычніцкага РАУС Гродна: «Насельніцтва не павінна баяцца за сваё жыццё»

У Кастрычніцкім РАУС Гродна новы кіраўнік — палкоўнік Аляксандр Кліменкоў. Раней ён узначальваў Смаргонскі РАУС. На пасаду ў Гродне Кліменкова прызначыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Кіраўнік Кастрычніцкага РАУС Гродна Аляксандр Кліменкоў. Скрыншот: «Гродна Плюс»

«Нашы довады не былі пачутыя». Аб’яднанне «Экаманіторынг» у Гродне ліквідавалі

Гродзенскі абласны суд 3 траўня вырашыў ліквідаваць грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг». Суддзя Сяргей Піпко вынес рашэнне за некалькі пасяджэнняў. Прычынай стала не своечасова пададзеная справаздача. Аб ліквідацыі распавёў у Facebook кіраўнік арганізацыі Яўген Філімонаў.

«Выступаў у забароненых колерах». У Гродне затрымалі музыканта Аляксандра Гайваронскага

3 траўня стала вядома пра затрыманне вакаліста кавербэнда «Fair Play» Аляксандра Гайваронскага. Ён выступаў у вопратцы «забароненых колераў» — імі палічылі спалучэнне бел-чырвонага колеру пад гербам «Пагоня».

Аляксандр Гайваронскі. Фота: Hrodna.life

У Гродне ліквідуюць «Мотаклуб Насарог». Яны не падтрымалі праўладныя прабегі

У траўні праз Гродзенскі абласны суд ліквідуюць яшчэ тры спартыўныя грамадскія аб’яднанні. Сярод іх — «Мотаклуб Насарог», «Футбол для ўсіх» і «Валейбольны клуб «АКВА». Істцом па ўсіх працэсам выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Гродзенцы могуць выбраць назвы для новых вуліц. Пакуль іх прапануюць назваць у гонар гарадоў Расіі

Ідуць грамадскія абмеркаванні назваў для 11 новых вуліц горада. Гарадская тапанімічная камісія прапанавала гараджанам свае варыянты назваў вуліц у Гродне. Меркаванні гродзенцаў пра іх збіраюць да 15 траўня.

З чацвёртага паверха Ваўкавыскага РАУС скокнуў хлопец у кайданках. Ён загінуў

У Ваўкавыскім РАУС з вакна на чацвёртым паверсе скочыў 24-гадовы хлопец у кайданках. Гэта адбылося 30 красавіка 2023 года. Паводле праўладнага Telegram-канала «ЖС Premium», яго затрымалі за распаўсюд наркотыкаў.

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024