У красавіку 2023 у Гродне раптам знікла электрычнасць. Знікла — і дала нам зразумець, як моцна мы ад яе залежым. Аказваецца, калі не працуюць тэрміналы, згасаюць светлафоры і заміраюць пасярод дарогі тралейбусы, гарадское жыццё блізкае да калапсу.

Аднак адкуль у горадзе ў прынцыпе бярэцца электрычнасць? Як яна можа знікнуць? Чаму экаактывісты супраць таго, каб электрычнасць здабывалі на атамных станцыях? Падкасту «Утульны горад» разабрацца дапамагла экаактывістка Ірына Сухій, якая ачаляе антыядзерны накірунак у арганізацыі «Экадом».

Слухайце размову пра атамныя электрастанцыі і экалогію цалкам у аўдыёверсіі або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Адкуль бярэцца электрычнасць

Простымі словамі, электрычнасць на электрастанцыях выпрацоўваюць турбіны, якія круцяцца. Асноўная задача — прымусіць іх круціцца. Шмат на якіх станцыях турбіны круцяцца пад уздзеяннем вадзяной пары. Яе здабываюць, нагрэючы ваду — у прамусловых масштабах.

Каб награваць ваду, можна, напрыклад, паліць газ. Менавіта па такім прынцыпе працуе большасць электрастанцый у Беларусі. Дарэчы, кліматолагі лічаць такі спосаб здабычы электрычнасці даволі нядрэнным — выкіды парніковых газаў ёсць, але не самыя вялікія. Яшчэ, каб нагрэць ваду, можна паліць вугаль ці нафту. Таксама можна выкарыстоўваць энэргію ядзернага паліва. Менавіта так працуюць атамныя электрастанцыі.

Ёсць яшчэ аднаўляльныя крыніцы энэргіі: вецер, сонечны свет і вада. Такія крыніцы называюцца «аднаўляльныя», бо спалены газ да нас ніколі не вернецца, а вецер дзме рэгулярна. Кансэнсус у заходнееўрапейскіх краінах у тым, каб пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы энэргіі. Калі зрабіць гэта, нам больш не прыйдзецца руйнаваць глебу, здабываючы карысныя выкапні і рабіць выкіды вуглякіслага газу пасля спалення тых самых выкапняў.

Чаму экаактывісты супраць атамных электрастанцый?

У любым відэа, якое тлумачыць, як працуе АЭС, вам справядліва скажуць, што невялікая колькасць урана (ці іншага ядзернага паліва) можа замяніць вялізарную колькасць нафты і газу. Дык чаму ж эколагі не падтрымліваюць ідэю пераходу на ядзернае паліва?

Справа ў тым, што нават пры саблюдзенні ўсіх магчымых мер бяспекі, усё адно застаецца верагоднасць аварый на атамнай станцыі. І гэтыя аварыі, дарэчы, час ад часу насамрэч здараюцца: толькі яны не такога масштабу, як у Чарнобыле ці на Факусіме, таму не прыцягваюць так шмат увагі. Ці варта рызыкаваць, калі кошт памылкі - забруджанне радыёнуклідамі вялізных тэрыторый, распаўсюд прамянёвай хваробы і адсяленне людзей з родных дамоў?

Чытайце таксама: Аб’яднанне «Экаманіторынг» у Гродне ліквідавалі

Нават калі ўявіць, што ўмоўная электрастанцыя цалкам бяспечная (а гэта не выпадак Астравецкай станцыі, дзе яшчэ на этапе будаўніцтва было шмат гісторый з аварыямі), то пасля яе дзейнасці застаюцца радыяактыўныя адыходы. Яны застаюцца актыўнымі яшчэ сотні год, а некаторыя — нават тысячы. Атрымліваецца, што мы пакідаем малапрыемную спадчыну нашым нашчадкам, якім бясконца трэба будзе клапаціцца пра захаванасць гэтых адыходаў, каб яны не трапілі ў глебу.

Чытайце таксама: Дзе яшчэ на Гродзеншчыне павышаны ўзровень радыяцыі

Якая альтэрнатыва сучасным электрастанцыям?

Ірына Сухій лічыць, што альтэрнатыва — якраз у аднаўляльных крыніцах энэргіі і… у аўтаноміі. Калі мы ўявім сабе, што на страсе кожнага дома ўсталяваны сонечныя панэлі, то такому дому не страшна раптоўная аварыя на падстанцыі.

Ірына кажа, што вертыкаль улады ў Беларусі прысутнічае нават у пытаннях электрычнасці: электычнасць распаўсюджваецца ад буйных станцый да маленькіх падстанцый, а адтуль у нашыя дамы. Калі б мы ў кожным дом мелі свае ўсталёўкі і генератары, мы б былі незалежныя ад збояў у працы тых станцый, а акрамя таго, больш свядома б ставіліся да спажывання электрычнасці.