У траўні праз Гродзенскі абласны суд ліквідуюць яшчэ тры спартыўныя грамадскія аб’яднанні. Сярод іх – «Мотаклуб Насарог», «Футбол для ўсіх» і «Валейбольны клуб «АКВА». Істцом па ўсіх працэсам выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Грамадскае аб’яднанне “Мотаклуб Насарог” ліквідуюць 12 траўня ў Гродзенскім абласным судзе. Суддзя – Людміла Малючок.

Мотаклуб як нефармальная група існаваў з 2003 года. Як грамадскае аб’яднанне яго зарэгістравалі ў 2017 годзе. На 1 студзеня 2022 года ў ім было 19 чалавек. У 2021 годзе ўдзельнікі клуба «Насарогі», як і многіх іншых клубаў, праігнаравалі адкрыццё сезона. Тады ў калонах з байкерамі ехаў АМАП.

– Наш клуб “Насарогі” заўсёды сам на добраахвотных пачатках арганізоўваў адкрыццё. Гэта ніколі не было ініцыятывай уладаў. Мы самі ішлі, яшчэ калі мы былі ў нармальных стасунках з уладай — самі арганізоўвалі, аплачвалі. Але пасля таго, што дзеецца з 9 жніўня [2020 года — Hrodna.life] у нашай краіне, мы не гатовыя ісці ні на якое супрацоўніцтва ні з якімі прадстаўнікамі ўладаў, — казаў тады Hrodna.life адзін з арганізатараў Павел “Мацвей” Мацвееў.

У спісе мерапрыемстваў клуба ў 2021 годзе: мотапрабегі на Дзень Перамогі, дабрачынныя акцыі на Дзень абароны дзяцей і Дзень ведаў у дзіцячых дамах. Да пандэміі каранавіруса мотаклуб быў пастаянным суарганізатарам гродзенскага байк-рок-фестывалю “Хавайся ў бульбу”.

Чытайце таксама:

Яшчэ дзве ліквідацыі

15 траўня суддзя Вячаслаў Міхневіч разгледзіць працэс аб ліквідацыі спартовага грамадскага аб’яднання “Футбол для ўсіх”. Яго зарэгістравалі ў 2019 годзе ў Ашмянах. На сайце just-grodno.gov.by пазначана, што з сакавіка 2021 арганізацыя не ажыццяўляе статутную дзейнасць і не праводзіць мерапрыемстваў. У ёй было 110 чалавек.

17 траўня суддзя Жанна Краўчанка ліквідуе грамадскае аб’яднанне «Валейбольны клуб “АКВА”. Яна працавала ў Гродне з 2021 года. Па стане на 1 студзеня 2022 года ў арганізацыі было 18 чалавек. Яны праводзілі турніры па валейболе.

Чытайце таксама: Улада ліквідавала арганізацыі, якія дапамагалі уязвімым. Іх месца не зойме дзяржава і бізнес