Былы капітан МНС у Гродне затрыманы за каментары. Ухіліста са Смаргоні асудзілі ў выязным пасяджэнні. Музыка Ігар Банцэр трапіў у псіхіятрычную лякарню ў Варшаве. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 24 па 30 красавіка.
Ухіліста са Смаргоні асудзілі ў выязным пасяджэнні
23-гадовага смаргонца асудзілі за ўхіленне ад прызыву (ч.1 арт. 435 КК) у будынку ваенкамата. Ён 21 ліпеня 2022 года пад асабісты подпіс атрымаў позву з патрабаваннем з’явіцца да 9 гадзін 5 жніўня 2022 года для праходжання медкамісіі.
Малады чалавек не прыйшоў у ваенкамат. Ён схаваўся, рэгулярна мяняў нумары тэлефона, адрасы месца жыхарства, афіцыйна не працаўладкоўваўся. Яго затрымалі ў лютым 2023 года ў Мінску.
Яго асудзілі на два гады «хіміі». У сувязі з законам «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства» яму скасцілі год пакарання.
Пасля судовага пасяджэння дзяржабвінаваўца распавёў прызыўнікам аб адказнасці за ўхіленне і адказаў на іх пытанні.
Палітвязень Яўген Разнічэнка выйшаў на волю
Яўген — фігурант «справы Ціханоўскага», асуджаны за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня 2020 года ў Гродне. Яго абвінавацілі паводле арт. 342 і арт.364 КК. Суд прызначыў яму 3,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
З улікам СІЗА за кратамі ён знаходзіўся больш за 2 гады і 10 месяцаў.
Прадпрымальніка з Зэльвы Віктара Ламеку судзілі чацвёрты раз па адміністрацыйных артыкулах
Яго судзілі паводле арт. 19.11 ч.2 КК «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» і арт. 19.10 ч. 1 КК «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі».
Суд прайшоў 26 красавіка ў судзе Зэльвенскага раёна. Рашэнне пакуль невядомае.
Раней паведамлялі, што прадпрымальнік знаходзіцца ў СІЗА, яму выстаўленае абвінавачванне паводле арт.367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Акрамя гэтага, у Гродзенскай вобласці на тыдні прайшло не менш за пяць судоў па арт.19.11 КаАП.
Слонімскае грамадскае аб’яднанне «МІНОЛС» ліквідуюць праз суд
У Гродзенскім абласным судзе 10 мая пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання. Суддзя — Святлана Даўгашэй. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Аб’яднанне было зарэгістравана ў Слоніме ў 2017 годзе. Па стане на 1 студзеня 2021 года ў «МІНОЛС» было 17 чалавек. Аб’яднанне рэалізавала міні-праект «Добраўпарадкаванне спартыўнай пляцоўкі ў мікрараёне „Энка“ г.Слоніма» пры фінансавай падтрымцы «Славацкага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця», паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Таксама рэалізоўвалі міні-праект «Зробім наш горад лепшым — разам!», пры фінансавай падтрымцы аддзела інфармацыі, адукацыі і культуры пасольства ЗША ў Мінску. Рабілі іншыя праекты па урбаністыцы і здароваму ладу жыцця. Пра іх пісала мясцовая прэса.
Жыхара Смаргоні асудзілі на 1,5 года калоніі за абразу Лукашэнкі
У судзе Смаргонскага раёна 26 красавіка адбыўся суд па ч. 1 арт.368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» над мясцовым жыхаром і выхадцам Расіі Юрыем Краўчанкам. Прысуд вынесла суддзя Вікторыя Аленцэвіч, паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што пасля распіцця алкагольных напояў ён з сябрам каля крамы лаяўся — у тым ліку на Лукашэнку за тое, што Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі. Супрацоўнікі прыехалі затрымаць мужчыну з тое, што ён чапляўся да мінакоў, але ў выніку распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 368 КК.
Юрый Краўчанка тройчы судзімы і неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
Палітвязня Дзяніса Івашына змясцілі ў ШІЗА
На колькі дзён і па якой прычыне, пакуль невядома.
«Учорашнее тэлефанаваньне наш ваяр Дзяніс Івашын зноўку прамінуў, і мы ўжо маем пацьверджаньне таго, што ён быў зьмешчаны ў ШЫЗА. Ані нагоды для „пакараньня“, ані ягонага тэрміну мы ня ведаем. І нават пакуль не валодаем дакладнай інфармацыяй пра тое, калі гэта сталася», — напісала яго жонка Вольга ў Telegram-канале 27 красавіка.
53-гадовага жыхара Ваўкавыска затрымалі за каментары
Знайшлі яго супрацоўнікі ГУУБ Магілёва, а затрымлівалі гродзенскія сілавікі. Па іх словах, мужчына абражаў міліцыянтаў. На відэа ён — з павязаным БЧБ-сцягам.
Беларусі ўручылі ноту пратэсту праз ліквідацыю грамадскага аб’яднання літоўцаў Gimtinė
27 красавіка ў МЗС Літвы выклікалі прадстаўніка амбасады Беларусі ў Літве. Яму ўручылі рашучую ноту пратэсту ў сувязі ліквідацыяй Пелескага грамадскага аб’яднання літоўцаў Gimtinė, паведамляе Delfi.
У ноце адзначаецца, што на такія дзеянні Беларусі рушыць услед жорсткі і прынцыповы адказ, Літва падыме гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях.
Гродзенскі абласны суд 28 красавіка вынес рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне» («Радзіма»). Пра гэта ТАСС паведамілі ў судовай інстанцыі.
«Новыя экстрэмісты»
Жукоўскі Дзмітрый Аляксандравіч са Слоніма папоўніў «спіс экстрэмістаў» 28 красавіка.
Новыя палітвязні
Ежы Жывалеўскі прызнаны палітвязнем.
Былы капітан МНС у Гродне затрыманы за каментары
Гродзенец затрыманы за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога» і негатыўныя выказванні ў інтэрнэце на адрас беларускай міліцыі і расійскіх вайскоўцаў у кантэксце вайны ва Украіне. Мужчыну затрымалі ў ягонай кватэры.
Затрыманы — былы капітан МНС з Гродна Арцём Шчыпакін, паведамляе «Наша Ніва».
Яму 35 гадоў. З 2013-га года ён працаваў у МНС, даслужыўся да звання капітана ўнутранай службы. Працаваў у цэнтры інфарматыкі і камп’ютарызацыі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Цэнтр займаецца падтрымкай і распрацоўкай праграм для патрэб МНС, а таксама вучыць ратавальнікаў імі карыстацца.
«Чалавек рознабаковы, думае творча і нешаблонна, — пісаў пра мужчыну афіцыйны сайт МНС. — Захапляецца чытаннем навукова-папулярнай літаратуры і вядзе здаровы лад жыцця. Аддае перавагу штодзённым прабежкам і рэгулярна ўдзельнічае ў аматарскіх масавых забегах на 3−5 кіламетраў».
Андрэй Несцяровіч — на волі пасля трох сутак арышту
Гродзенскага бізнесмена Андрэя Несцяровіча затрымалі 14 красавіка, а 17 падвергнулі адміністратыўнаму арышту на 10 сутак па арт.19.11 КаАП. Пасля яго арыштавалі на трое сутак паводле крымінальнага артыкула. Па якім менавіта, пакуль невядома.
У Гродне грамадзяніна Польшчы судзілі за «агентурную дзейнасць»
Суд над грамадзянінам Польшчы Ежы Жывалеўскім прайшоў 27 лютага ў Гродненскім абласным судзе. Паляка асудзілі паводле артыкула 358−1 Крымінальнага кодэкса («Агентурная дзейнасць»). Яго затрымалі яшчэ год таму як «польскага шпіёна» ў Гродне.
Міліцыя на чале працэсіі. Як у Мінску хавалі архіепіскапа Арцемія
На ўездзе на Чыжоўскія могілкі ў Мінску пахавальную працэсію арцыбіскупа Арцемія сустракалі міліцыянты. З 17 архірэяў на пахаванні было чацвёра. На рытуал прыйшлі каля 100 чалавек. Беларус распавёў у Facebook, як прайшло пахаванне Арцемія.
14 чалавек затрымалі ў Гродзенскай вобласці. ГУБАЗ адсправаздачыўся аб працы
Не менш за 14 чалавек затрымалі ў Гродзенскай вобласці. Telegram-канал сілавікоў «ПуЛьС Гродно» даў справаздачу аб «адпрацоўцы» Гродзенскага рэгіёна. Затрымалі ад «рабацягі да начальніка», адзначылі сілавікі. Па іх словах, затрыманыя панеслі пакаранне ад папярэджання да крымінальнага артыкула.
У Гродне аштрафавалі Любоў Сарлай. Гэтая тая дзяўчына, якую судзілі за штаны з БЧБ-лампасамі
Любоў Сарлай судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Маці дваіх дзяцей затрымалі, а пазней судзілі паводле арт.19.11 КаАП. Яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Таксама ў яе канфіскавалі мабільны тэлефон.
Музыкант Ігар Банцэр трапіў у псіхіятрычную бальніцу
Ігар Банцэр выклаў у Facebook фота, дзе адзначыў геалакацыю ў псіхіятрычным шпіталі Варшавы. «Нарэшце я знаходжуся ў месцы, дзе атрымаю 100% прафесійную дапамогу і клопат», — падпісаў ён здымак.
За што Лукашэнка лаяў Гродзенскую вобласць, дзе не выконваюць яго даручэнні
Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Гродна на хакей і правёў нараду ў аблвыканкаме. Там ён па паперцы лаяў чыноўнікаў за праблемы, выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю. Адказы чыноўнікаў яго прэс-служба не прывяла. На нарадзе Лукашэнка падзяліўся, што паставіў задачу адрамантаваць усе мясцовыя дарогі на працягу года. Пасля нарады ён фатаграфаваўся з моладдзю на плошчы Леніна і прасіў не штурхаць Караніка ў спіну: «Яго і так штурхалі ў 2020-м».