Грамадскія абмеркаванні справаздачы ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) рэканструкцыі былога скурнавенералагічнага дыспансера на Васілька, 10 (дом Варашыльскіх) працягнуцца да 19 траўня. Падрабязнасці планаў па рэканструкцыі і капрамонту будынкаў комплекса разабраў канал Urban Hrodna.
Комплекс будынкаў былога скурвендыспансера рэканструююць пад апарт-гатэль. На Васілька 10/1, 10/2 і 10/4 размесцяцца бізнес-апартаменты, у 10/5 будзе гаспадарчы будынак.
У комплекс уваходзіць два былыя лячэбныя корпусы 1890 і 1891 года пабудовы, а таксама будынак паліклінікі, які складаецца з дзвюх частак 1891 і 1983 гадоў. У складзе быў таксама харчаблок з прыбудовай і склепам 1890 года пабудовы.
Капітальны рамонт фасадаў і дахаў будынкаў па вуліцы Міхася Васілька, 10 прадугледжаны асобным праектам на капітальны рамонт.
План рэканструкцыі і капрамонта
Пры рэканструкцыі будынкаў іх знешні перыметр не павялічаць. Захаваецца маштаб забудовы, якая прадстаўляе гісторыка-архітэктурную каштоўнасць. Улічаць стылевую асаблівасць навакольнай забудовы.
У будынкаў на Васілька, 10 (галоўны корпус), 10/2 і 10/4 частку цаглянага фасада ачысцяць пескаструмянём. Старадаўнія драўляныя дзверы ў карпусах 10 і 10/1 адрэстаўруюць.
Аднапавярховую прыбудову да галоўнага корпуса знясуць.
Страчаны балкон на галоўным фасадзе адновяць. Ён бачны на старых фота сям'і Варашыльскіх, якая валодала домам да нацыяналізацыі.
У карпусах 10 і 10/1 цяперашнія ганкі дэмантуюць і ўзвядуць новыя. Узмоцняць балконы з дваровага фасада. Унутры будзе перапланіроўка. Драўляную лесвіцу адрэстаўруюць.
У корпусе 10/2 адновяць страчаныя дэкаратыўныя элементы з цэглы (слупок атыка).
Ва ўсіх будынках комплексу:
- заменяць дахі, пакрыюць іх плоскімі сталёвымі лістамі з матавым палімерным пакрыццём;
- узмоцняць кроквенную сістэму;
- уладкуюць слыхавыя вакенцы і вадасцёкі;
- заменяць сталярку ў вонкавых сценах;
- праёмы ў вонкавых сценах, якія з’явіліся падчас эксплуатацыі будынкаў, закладуць, а тыя, што былі першапачаткова, адновяць;
- у вонкавых сценах узмоцняць перамычкі.
Ва ўсіх будынках, акрамя 10/2, прыбяруць фрагменты старой тынкоўкі і за 2 разы пафарбуюць сцены дысперсійна-сілікатнай фасаднай фарбай.
Ацяпленне, добраўпарадкаванне і паркоўкі
У будынку на Васілька 10/3 абсталююць цэнтральны цеплапункт. Там жа будзе воданагравальнік. Газазабеспячэнне ў будынках не прадугледжваецца. Альтэрнатыўным варыянтам дзейнасці можа быць уладкаванне міні-кацельні для спальвання біямасы або поўная адмова ад дзейнасці.
Паркоўкі будуць на 11, 9 і 10 машынамесцаў, з іх адно — для людзей з інваліднасцю.
Функцыянальнае занаванне тэрыторыі будзе з улікам добраўпарадкавання, азелянення (газоны, хмызнякі) і малых архітэктурных формаў. Плануюць уладкаванне нарматыўнага пад’езда ва ўвязцы з існуючай забудовай. Тратуары будуць з пліткі.
Для збору і вывазу камунальных адходаў выкарыстоўваюць існуючую кантэйнерную пляцоўку на мяжы праектаванага аб’екта, па вул. Кірава.
Грамадскія абмеркаванні
Грамадскія абмеркаванні справаздачы па ацэнцы ўплыву будоўлі на навакольнае асяроддзе пройдуць з 19 красавіка да 19 траўня.
Заяву аб неабходнасці правядзення сходу трэба даслаць у гарвыканкам ((80 152) 62−64−66, e-mail: info@gorod.grodno.by, grodno.gov.by, Д.Р.Конан) цягам 10 працоўных дзён ад пачатку абмеркаванняў (да 5 траўня).
Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы прыме ТАА «БелБурСтрой» (вул. Збажовая, 21, 8−0152−78−00−00, e-mail: info@belburstroy.by, П.К.Паплаўскі) цягам 10 працоўных дзён ад пачатку абмеркаванняў.
Будынкі ўключаны ў склад гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Гродна», размешчаны ў межах ахоўнага культурнага пласта. Да пачатку праектавання правялі комплексныя навуковыя даследаванні. Праектную дакументацыю рыхтуе кампанія Intelstock engineering.
Гісторыя продажу будынкаў
У пачатку мінулага стагоддзя домам № 10 валодаў гродзенскі доктар Рыгор Варашыльскі. Вядомы калекцыянер паштовак і фатаграфій з відамі Гродна Фелікс Варашыльскі - яго ўнук. Дом № 8 сёння аб’яднаны ў адзін будынак з домам № 10. Пасля прыходу савецкай улады ў Гродна дом Варашыльскіх нацыяналізавалі, былы ўладальнік стаў галоўным урачом сваёй былой клінікі. У розны час тут знаходзіўся радзільны дом, дзіцячая бальніца, розныя аддзяленні абласной бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер. У студзені 2018 года дыспансер пераехаў у будынак былой чыгуначнай бальніцы па вуліцы Будзёнага. З таго часу будынак на Васілька пуставаў.
Пра намер прадаць будынак стала вядома ў лістападзе 2018 года. Увесь будынак уздоўж вуліцы Васілька і прылеглую тэрыторыю ацанілі тады ў 700 тысяч рублёў ($ 350 тысяч). Гарадскія ўлады разглядалі магчымасць пасля рэканструкцыі ў будынку на Васілька размясціць хоспіс для анкахворых.
Дом на Васілька варта аднаўляць у пачатковым выглядзе: вярнуць балконы, ганак і сад ззаду дома. Так, як было на старых сямейных фотаздымках, казаў тады Hrodna.life Фелікс Варашыльскі. «Мой дзядуля, які купіў гэты дом, ніколі не прадаваў яго, дык як я магу купіць сваю ўласнасць?» — адказаў ён на пытанне, ці не збіраецца сам выкупіць сямейны дом.
У 2019 годзе дабрачынная арганізацыя «Карытас» прапаноўвала адкрыць там пансіянат для старых людзей з падвышаным узроўнем камфорту. Ішлі перамовы з інвестарамі з Германіі і Аўстрыі. Гарадскія ўлады падтрымалі ідэю, казалі тады ў арганізацыі.
Ідэю не рэалізавалі. Пасля двух гадоў прастою горад нарэшце выставіў комплекс будынкаў былога скурвендыспансера на аўкцыён у 2020 годзе. Усе аб’екты (№ 10, № 10/1 — № 10/5) выставілі на продаж у сакавіку адным лотам і ацанілі амаль у 1,4 млн рублёў. Пакупнік не знайшоўся.
Нарэшце ў ліпені 2020 года комплекс будынкаў выкупіла на аўкцыёне кампанія «БелБурБуд». Цана аб’екта склала 900 тыс. рублёў.
Грамадскія абмеркаванні будоўлі ладзяць ужо другі раз.