Навіны

Дарогі і пустыя палацы для скаціны. За што Лукашэнка лаяў Гродзенскую вобласць, дзе не выконваюць яго даручэнні

Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Гродна на хакей і правёў нараду ў аблвыканкаме. Там ён па паперцы лаяў чыноўнікаў за праблемы, выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю. Адказы чыноўнікаў яго прэс-служба не прывяла. На нарадзе Лукашэнка падзяліўся, што паставіў задачу адрамантаваць усе мясцовыя дарогі на працягу года. Пасля нарады ён фатаграфаваўся з моладдзю на плошчы Леніна і прасіў не штурхаць Караніка ў спіну: «Яго і так штурхалі ў 2020-м».

«Вобласць развіваецца годна. Па асобных кірунках лепш за іншых. Па многіх кірунках задае тэмп развіццю ў нашай краіне. Больш за ўсё радуюць поспехі працаўнікоў вёскі. На працягу апошніх гадоў вы сярод лідараў у краіне», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Гродзенскім аблвыканкаме. Пасля ж ён па падрыхтаваных запісах пералічыў недахопы, выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю. Таксама пры падрыхтоўцы да нарады аналізавалі заявы і скаргі «нашых людзей» з Гродзенскай вобласці ў Адміністрацыі прэзідэнта і на яго імя, адзначыў Лукашэнка.

У Гродзенскай вобласці ўдзельная вага нявыкананых даручэнняў Лукашэнкі складае 57%, казала нядаўна начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыйнай працы, кантролю і знешніх сувязяў КДК Аксана Белавец. Такі ж паказчык у Віцебскім аблвыканкаме, у астатніх ён крыху меншы (56%). У цэлым па краіне па ўсіх даручэннях гэты паказчык склаў за 2022 год 31%. Прычына гэтага ў тым, што яны ў большай ступені «неадэкватныя», што наўпрост і ўплывае на іх выкананне, расказаў «Зеркалу» былы саветнік Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Яўген Буры. Пры гэтым запярэчыць Лукашэнку і папрасіць перагледзець або перафармуляваць задачу няма каму. Даваць такія лічбы ў дзяржаўныя СМІ-гэта біць па рэпутацыі ўласнага ж «лідара», лічыць ён.

Палацы для скаціны

У вобласці не выканалі даручэнне Лукашэнкі па ўкамплектаванні малочна-таварных комплексаў пад поўную загрузку. «Паўстае пытанне: мужыкі, мы навошта іх будавалі? Але калі Гродзенская вобласць не можа гэта зрабіць, тады на якую вобласць будзем абапірацца? Мы стварылі для скаціны палацы, яны не ўкамплектаваныя цалкам «- заявіў ён.

На палове пабудаваных і рэканструяваных комплексаў не забяспечваецца сярэднеабласны ўзровень прадуктыўнасці жывёлы. Напрыклад, у Астравецкім раёне, удакладняе «Гродзенская праўда». У Лідскім, Мастоўскім і Іўеўскім раёнах праблемы з узнаўленнем статка. Адпаведна знізілася вытворчасць малака па 2022 годзе.

У 80% абследаваных гаспадарак знайшлі парушэнні тэхналагічных рэгламентаў утрымання і кармлення жывёлы і санітарных правілаў. Падзеж жывёлы за 2022 год склаў 15 тыс. галоў і вырас у 16 раёнах з 17. Ёсць праблемы ў вытворчасці свініны і мяса птушкі. Асобна ён адзначыў сітуацыю на Скідзельскай птушкафабрыцы і Смаргонскім камбінаце хлебапрадуктаў.

Стабфонды і расійскія яблыкі

«З вашай вобласці ўсё і пачалося», — заявіў Лукашэнка ў Гродне, кажучы пра ідэю стварэння стабілізацыйных фондаў у канцы 2022 года. Там павінны былі ствараць запасы асобных тавараў па рашэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку гародніны ад мясцовых вытворцаў. У Гродзенскай вобласці знайшлі праблемы з выбаркай бульбы, капусты, буракоў. Гандлёвыя сеткі «заваленыя» егіпецкай бульбай і расійскімі яблыкамі, цана на якія «ў разы вышэйшая».

Раней у праблемах продажаў беларускіх яблыкаў традыцыйна вінавацілі польскія. У 2022 годзе іх увоз абмежавалі. Але з 1 красавіка па 30 чэрвеня 2023 года забарону на ўвоз у Беларусь польскіх яблыкаў скасуюць, пісаў «Ганцавіцкі час» са спасылкай на амбасаду Польшчы і інфармацыю ад Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Прамысловасць: як там санкцыі?

У 2022 годзе вобласць прасела ў дрэваапрацоўцы, тэкстыльнай прамысловасці, нафтахіміі і шэрагу іншых галін. У першым квартале сітуацыя не змянілася. Лукашэнка заявіў, што ў кожным раёне патрэбны як мінімум адзін сур’ёзны інвестыцыйны праект. Ён пацікавіўся, як сітуацыя на «Гродна Азоце» і як агулам вобласць працуе ва ўмовах санкцый. Адказ чыноўнікаў не апублікавалі.

Чытайце таксама: Індыя хоча інвеставаць у «Гродна Азот» да $ 600 млн. Чым завод цікавы замежнікам?

Дарогі, якія вырашылі адрамантаваць за год

«Я нядаўна меў гонар праехаць па асобных дарогах ад аграгарадкоў да раённага цэнтра. Ну, ведалі, што я буду ехаць, дык хоць ямкі закапалі. А наогул сітуацыя не вясёлкавая. Гэта турбуе грамадзян», — заявіў Лукашэнка.

Пасля ён прызнаў, што ў Гродзенскай вобласці ўсё ж «больш-менш», але «ў цэлым па краіне сітуацыя няпростая». Лукашэнка паставіў задачу «віцэ-прэм'еру профільнаму» цягам гэтага года адрамантаваць «усе дарогі, чаго б нам гэта ні каштавала». «Каштаваць будзе заўтра даражэй», а нафта, нафтапрадукты і бітум для асфальту цяпер «танней, чым калі-небудзь», падкрэсліў ён.

У 2021−2022 годзе бітум падаражэў у 2,7 разоў, казаў раней кіраўнік «Гроднадарожнік» Уладзімір Кароль. Пры гэтым бюджэт на рамонт дарог у Гродзенскім раёне ў 2023 годзе вылучалі такі ж, як у 2022..

Ёсць нараканні на працу грамадскага транспарту. Кажучы пра іх, Лукашэнка здзівіўся і дапусціў, што пры дакладзе яму пра гэта проста памыліліся.

«Вылізаў гаспадаркі». За што Лукашэнка пахваліў Караніка

Лукашэнка ў Гродне пахваліў пасяўную ў вобласці ў параўнанні з Мінскай і «практычна ідэальны парадак у гаспадарках».

«Як знарок Каранік зрабіў - узяў і вылізаў на мяжы свае гаспадаркі», — заявіў Лукашэнка пра свае ўражанні ад палёту на верталёце над Мінскай і Гродзенскай абласцямі. «Вы напэўна самазаспакоіліся і проста мяне не чуеце. Я ж казаў, лепш ваяваць у полі, чым там».

Што рабіў Лукашэнка ў Гродне і ў Віскулях?

Лукашэнка ў Гродне 24 красавіка прыехаў паглядзець хакейны матч паміж «Нёманам» (Гродна) і «Металургам» (Жлобін) і ўручыць кубак пераможцам фіналу чэмпіянату Беларусі.

Пасля нарады ў аблвыканкаме на плошчы Леніна Лукашэнку сустрэлі маладыя людзі і дзяўчаты. «Ну што, дзяўчаты, на дыскатэку? Запрашаеце?», — спытаў ён. Яму адказалі «Так». Пасля жартаў пра дыскатэкі Лукашэнка пахваліў гульцоў «Нёмана». Дзяўчына, якая яму ўвесь час адказвала, і яшчэ некалькі чалавек побач папрасілі фота на памяць. Здымаў Каранік, і прасіў не штурхаць яго ў спіну. «Яго і так штурхалі ў 2020-м годзе», — пасмяяўся Лукашэнка.

Па дарозе ў Гродна Лукашэнка прыляцеў у рэзідэнцыю ў Віскулі ў Белавежскай пушчы. Там ён правёў 4,5 гадзіны, паведамляе канал «Беларускі гаюн». Прэс-служба Лукашэнкі нічога не паведамляла ні пра гэты візіт, ні пра ягоную мэту. Кадры палёту Лукашэнкі на верталёце прадставілі як «інспекцыю Гродзенскай і Брэсцкай абласцей».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024