У Гродне запланавалі бягучы рамонт фасада абласнога драмтэатра па вул. Маставая, 35. Рамонт пройдзе з 29 траўня па 12 ліпеня 2023 года. Тэатр і прылеглую пляцоўку на час работ не закрыюць для наведвальнікаў і турыстаў.
Дзяржзакупку праводзіць сам драмтэатр. Кошт — 434 424 рублёў. Паводле дэфектнага акту, у драмтэатра:
- адсутнічаюць заладкі швоў у прымыканні плітак пяшчаніку адзін да аднаго;
- разбураныя ахоўна-аддзелачныя пласты па фасадзе будынка;
- фрагменты абліцавальных плітак адсталі і адкалоліся;
- на паверхні плітак ёсць высолы, замшэласць, пацямненні і зялёная і шэрая цвіль;
- фрагменты адліваў на выступаючых частках і дэкаратыўных элементах фасада дэфармаваліся;
- ёсць дэфекты ў тынкоўцы аконных адхонаў у месцах прымыкання адліваў;
- разбураныя лакафарбавыя пакрыцці лесвіц, дзвярэй і брамы.
Фасады ачысцяць ад старых аздобных слаёў. Швы заладзяць адмысловымі складамі. Паверхні адмыюць і афарбуюць у колер PALAZZO 240. Фасады апрацуюць гідрафабізуючымі складамі. Лесвіцы, дзверы і вароты пафарбуюць атмасфератрывалай фарбай колеру RAL 8002.
Тэатр на час рамонту не закрыюць. Будуць выкарыстоўваць тэхніку і спосабы вытворчасці, якія забяспечваюць бяспечны доступ да тэатра. Гэта аўтавышкі, рыштаванне, памосты да 4 метраў.
Чытайце таксама: «Падпольным займацца цікавей». Незалежны тэатр у Гродне памёр, рэпертуар дзяржаўнага збяднеў