Днём 19 красавіка ў некалькіх раёнах горада знікала электрычнасць. У прыватнасці, яе не было ў цэнтры, у ТРК Triniti, на Дзевятоўцы, у Альшанцы, у частцы дамоў на Урублеўскага. Святло знікла таксама ў Парэччы і Верцілішках. Часова спыніўся “Гродна Азот”.
Акрамя таго, у некаторых частках Гродна чулі гук сірэны.
Электрычнасць знікала мінімум на 10 хвілін. Гэта здарылася пасля 16:20. Святла не было і ва ўніверсітэтах, удакладняе сайт motolko.help са спасылкай на інфармацыю ад гараджан.
Электрычнасці не было ў цэнтры, на Ліможа і на Таўлая, у раёне радзільні. На Белых Росах не было святла і знікла халодная вада, пазней святло з’явілася, а вось вада знікла ўся, піша “АвтоГродно”. Не працавала аўтамыйка на выездзе з горада. Не працавалі святлафоры і крамы, сталі тралейбусы, у прыватнасці на Румлёўскім мосце.
“Многія кіроўцы былі няўважлівыя падчас адключэння святлафораў і наогул не ведалі, што рабіць”, – скардзіліся чытачы “АвтоГродно”.
Што сказалі ў “Гроднаэнерга”
Знікла электрычнасць у асобных спажыўцоў і ў зоне электразабеспячэння Гродзенскага раёна на ўчастку падстанцыі “Гродна-Паўднёвая”, удакладнілі пазней у “Гроднаэнерго”.
На дадзены момант электразабеспячэнне часткова аднавілі. Прычыны тэхналагічнага парушэння высвятляюць.
“Гроднаэнерга” папрасіў прабачэння перад жыхарамі Гродна і Гродзенскага раёна за прынесеныя нязручнасці.
Нумары тэлефонаў дыспетчарскіх службаў па тэрытарыяльным размяшчэнні можна знайсці на сайце арганізацыі. Кароткі нумар аварыйных службаў электра- і цепласетак – 115.



