Чарга на апошнім даступным пункце мяжы з Польшчай — у Брэсце — дасягае 30−40 пасажырскіх аўтобусаў. Памежны камітэт Беларусі папярэджвае пра павелічэнне ўсіх чэргаў перад каталіцкім і праваслаўным Вялікаднямі. Грузавыя аўто яго ўжо спазналі: выезду ў ЕС чакае агулам больш за 2,5 тысячы грузавікоў.
Чэргі з аўтобусаў пачалі заўважна расці ў сераду, 5 красавіка. У папярэднія дні на мяжы збіраліся да 10−20 аўтобусаў. У чацвер чарга з аўтобусаў у памежным пераходзе «Брэст» складала больш за 30−40 аўтобусаў у залежнасці ад часу сутак. Найбольшая колькасць сабралася ў перыяд паміж 6 і 10 раніцы.
Некаторыя пасажыры, каб зэканоміць час, мяняюць аўтобус проста перад мяжой. Яны ідуць уздоўж чаргі і шукаюць вольныя месцы ў тых, што стаяць бліжэй да пункта пропуску.
Пункт пропуску «Баброўнікі» («Бераставіца» з беларускага боку) польскі бок закрыў 10 лютага. За 11 і 12 лютага чарга з легкавых аўтамабіляў, якія едуць у Еўразвяз, павялічылася на 16%, грузавых на 20%. Але першыя чэргі з аўтобусаў у Брэсце пачалі з’яўляцца толькі 26 сакавіка, заўважыла «Наша Ніва». У агульнай чарзе стаяць і рэйсавыя аўтобусы, і турыстычныя, і маршруты шоп-тураў.
Такім чынам, на перасячэнне мяжы аўтобусам у Брэсце ў пасажыраў сыходзіла да 15−18 гадзін. Легкавому аўто на гэта можа спатрэбіцца блізу 30 гадзін. Чарга з легкавых машын у Брэсце даходзіла да 400.
Бліжэй да другой паловы дня 7 красавіка сітуацыя ў Брэсце палепшылася: а 16:00 паводле сайта Дзяржпагранкамітэта у зоне чакання знаходзілася 40 легкавых аўто і 9 аўтобусаў.
На літоўскіх пунктах пропуску, якімі пачалі актыўней карыстацца пасля закрыцця «Баброўнікаў», такіх чэргаў з аўтобусаў няма або яны невялікія, да 10 аўтобусаў.
Затое з грузавікамі сітуацыя перад выхаднымі напружаная: у Казловічах выезду ў Польшчу чакаюць 1000 грузавых аўто. Яшчэ 620 грузавікоў стаіць на мяжы з Літвой у Каменным Логу, 190 — у Прывалцы, 490 — у Беняконях, 185 — у Катлоўцы. На мяжы з Латвіяй у Грыгароўшчыне стаяць 165 грузавікоў.
А як справы з вяртаннем дадому?
Праз затрымкі аўтобусаў на мяжы ў бок Польшчы на некалькі гадзін затрымліваюцца і рэйсы з Польшчы ў Беларусь. Так, аўтобус аднаго з карыстальнікаў чата «ГраницаBYPL» з Варшавы 7 красавіка выехаў на восем гадзін пазней за час, пазначаны ў раскладзе. Затое на праходжанне мяжы ў бок Беларусі сышло ўсяго дзве гадзіны. Карыстальніцы іншага чата, «Варшавка Граница Брест-Тересполь», сёння пашанцавала менш — на мяжы давялося чакаць 7 гадзін.
Напярэдадні, 6 красавіка, аўтобус «Уроцлаў-Пінск» выехаў у Беларусь са спазненнем на 10 гадзін. Пра спазненні пасажыры даведваюцца ад перавозчыкаў і іншых пасажыраў.
Памежнікі: будзе толькі горш
Пра магчымае павелічэнне чэргаў на мяжы папярэдзіў Дзяржаўны памежны камітэт.
«Традыцыйна ў перыяд перадсвяточных дзён (каталіцкі і праваслаўны Вялікдзень) чэргі транспарту ў пунктах пропуску на мяжы з краінамі Еўрасаюза павялічваюцца, — адзначылі ў ведамстве. — Прымаючы пад увагу цяперашнюю абстаноўку на мяжы з ЕС і запаволенае афармленне транспарту сумежнымі кантрольнымі службамі, колькасць грузавікоў і легкавых аўто на ўезд у Польшчу, Літву і Латвію можа ўзрасці».
Каталіцкі Вялікдзень сёлета святкуюць 9 красавіка, праваслаўны — 16 красавіка.