У гандлёвым доме “Нёман” на вуліцы Савецкая плануюць усталяваць эскалатар. Яго плануюць збудаваць у 2023 годзе ў больш новым корпусе, на даху якога размяшчаецца аглядная пляцоўка і кафэ “Крыша мира”, паведаміла “Перспектыва”. 

Эскалатор в торговом центре
Эскалатар. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pexels.com

Эскалатар пабудуюць з першага да чацвёртага паверха. Мэта – больш камфортнае перасоўванне пакупнікоў па гандлёвых залах. Зараз, каб падняцца на вышэйшыя паверхі, трэба скарыстацца лесвіцай або адным з трох ліфтаў углыбіні гандлёвага цэнтра. Каб змясціць эскалатар, некаторыя буцікі і крамы плануюць пацясніць.

Хочуць мадэрнізаваць фасады 

Ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама разглядаюць некалькі варыянтаў праектавання эскалатара. Акрама гэтага, кіраўніцтва гандлёвага дома “Нёман” плануе мадэрнізаваць фасады старога будынка. Падрабязнасцей пакуль не паведамілі.

У “Нёмана” новыя ўладальнікі 

У жніўні 2022 года гандлёвы дом “Нёман” прадалі кампаніі “Санта Рытэйл”. Яна ўваходзіць у групу кампаній “Санта”. 

«Санта» — холдынг, які ўключае больш за 40 кампаній. Сярод іх пастаўшчыкі сыравіны, вытворцы прадукцыі, дыстрыбуцыйныя і лагістычныя кампаніі, рытэйлерская сетка і іншыя кампаніі. У сетку ўваходзяць маркеты, супермаркеты і крамы-эканом. Па ўсёй Беларусі ў кампаніі больш за 210 гандлёвых аб’ектаў.

Гандлёвы дом Нёман, торговый дом Неман на улице Советская в Гродно
Гандлёвы дом “Нёман” у Гродне. Крыніца: bybezviz.by

Гісторыя гродзенскага ўнівермага

У лістападзе 1953 г. быў зацверджаны праект тыпавой трохпавярховай універсальнай крамы (універмагу). Яго распрацавалі ў адным з ленінградскіх інстытутаў па замове міністэрства гандлю СССР. Праз некалькі гадоў, у 1958-м, праект быў рэалізаваны ў Гродне.

универмаг Гродно 1960
Гродзенскі ўнівермаг, 1960-я гг. Крыніца: oldgrodno.by

У 1977 годзе пачалі будаваць дадатковую плошчу для ўнівермага. Новы корпус адкрылі ў 1981 годзе. У 1988 былі планы схаваць будынак універмага. Мяркуючы па выяве праекта, яго збіраліся закрыць пабудовай “пад гістарычную”, якая б стаяла на калонах. Калі б артымалася рэалізаваць гэтыя планы, гандлёвы дом “Нёман” выглядаў бы зараз зусім інакш, а на месцы ГЦ “АВС” было б кафэ. 

У сакавіку 1995 года прадпрыемства атрымала статус адкрытага акцыянернага таварыства. Сёння ў будынку ўнівермага размяшчаюцца крамы Mark Formelle, Conte, Oz.by, Edelica, «ТВОЕ», «Мегатоп», «Belwest», Foroom, Калiнка, Panda, Elema і іншыя. Працуюць рэстаран-бістро, пякарня, летнія пляцоўкі.