У папраўчай калоніі № 17 у Шклове зараз знаходзяцца мінімум 78 палітвязняў. Яна лічыцца адной з самых жорсткіх ў Беларусі і менавіта там ў 2021 годзе загінуў Вітольд Ашурак. Адзін з былых вязняў гэтай калоніі расказаў праваабаронцам з «Вясны» пра абставіны смерці Вітольда Ашурка і пра тое, як там катуюць «палітычных» і хто за гэта адказны.
Пра смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка стала вядома 21 траўня 2021 года. Да таго ён блізу месяца правёў у шклоўскай калоніі. Названая афіцыйна прычына — сардэчны прыступ. Але сваякі Вітольда, атрымаўшы цела, убачылі, што яно знявечана. Рукі былі распухлымі, а галава была перавязана так, што быў бачны толькі рот.
«Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім і ўсім даказваў свой пункт гледжання. Ён шмат паліў і не мог пагадзіцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і не могуць адказаць на простыя пытанні. Ён заўсёды смела размаўляў са зняволенымі, з канвоем і супрацоўнікамі», — расказаў «Вясне» пра Ашурка былы вязень калоніі № 17 на ўмовах ананімнасці.
Па словах былога вязня, Вітольда Ашурка «прэсавалі ў поўным аб’ёме: ірвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі заходнім клоўнам». Кожны дзень яго вадзілі на пакаранне. Перад апошнімі пасадкамі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) Вітольд казаў, што яго пасадзяць, бо ён жорстка размаўляў з начальнікам калоніі і настойваў на сваім. У курылцы ён казаў іншым вязням, што звычайныя палітзняволеныя малайцы, але ўжо выканалі сваю ролю ў гэтай вайне і ім трэба вяртацца да сем’яў. А яго місія — большая, яго мэта — нешта дасягнуць і даказаць. Пасля яго больш не бачылі.
«Адразу Вітольду далі 10 сутак ШІЗА, потым яшчэ 10 сутак. Потым пашлі размовы, што супрацоўнікі сказалі яго рэчы і матрац пакласці ў хадок да «апушчаных» [зняволеных з «нізкім сацыяльным статусам"] (месца ў куце асобна ад астатніх), каб ён мыў туалеты і выносіў смецце. Вітольд з гонарам адмовіўся ад выхаду з ШІЗА, бо так ён заставаўся ў нармальным статусе. А потым было 21 траўня… [у гэты дзень стала вядома пра смерць Вітольда Ашурка]».
«У той дзень прыехала хуткая дапамога, і праз дзве гадзіны чорная газель са шторамі. Сказалі, што ён упаў галавой на стол. Вязні казалі, што Вітольда выводзілі ў дворык для шпацыру і білі па нагах і тулаву, каб ён не мог сядзець і хадзіць у туалет».
На відэа, якое апублікаваў Следчы камітэт пасля смерці Ашурка, бачна, што ён страчваў прытомнасць. Прычынай магла стаць бессань і знясіленне, перакананы былы вязень. У той час у калоніі было халодна, а наглядчыкі адмыслова адкрывалі вокны. «Быў скразняк, вельмі дзьмула, немагчыма было сядзець, трэба было пастаянна хадзіць, каб пагрэцца».
Чытайце таксама:
Крымінальная справа па факце смерці Ашурка дасюль не распачатая.
Усе новыя асуджаныя, якія прыехалі ў калонію, маюць адзнакі, як яны сябе паводзілі ў СІЗА, на этапе, у цягніку і ў аўтазаку. Адразу па прыездзе на ўсіх «экстрэмістаў» складаюць рапарты за дробныя парушэнні, якіх напачатку цяжка пазбегнуць: незашпілены гузік, няправільна прадставіўся супрацоўніку, размаўляў у шыхце, несвоечасова падняўся з ложка і падобнае.
Праз гэта палітзняволеных дасылаюць у ШІЗА на 3−5 сутак і залічваюць у «злосныя парушальнікі рэжыму». Іх адразу пазбаўляюць усіх спатканняў і пасылак. На ежу з крамы пакідаюць толькі дзве базавыя велічыні.
У пакоі дзяжурнага памочніка вісіць спіс прозвішчаў, на каго абавязкова павінен быць складзены рапарт за любое парушэнне.
Вязняў пазбаўляюць сну, праз што з’яўляюцца галюцынацыі. «Некаторыя страчвалі прытомнасць. Зняволеных трымаюць у холадзе, праз што ў іх праблемы з кровазваротам і ныркамі. У ШІЗА сядзіш у цішыні — нельга размаўляць, ляжаць, спаць, заплюшчваць вочы», — расказаў былы зняволены. У яго таксама былі галюцынацыі і з’яўляліся думкі пра самагубства. Вязняў мораць голадам.
«Палітзняволеных не лечаць у медчастцы, не пускаюць займацца спортам, пазбаўляюць пасылак, спатканняў, грашовых сродкаў, робячы ўсіх „злоснымі парушальнікамі“. Іх садзяць у ШІЗА, прымушаюць пець гімн, вучыць правілы ўнутранага распарадку, аўтараў гімна, канстытуцыю і змены, прынятыя на незаконным рэферэндуме. Пытаюць, хто прэзідэнт Беларусі. Адказ мусіць быць: „Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч“. Уборка праходзіць па шэсць разоў у дзень пад наглядам супрацоўніка з відэарэгістратарам».
Супрацоўнікі ўвесь час «жартуюць», што «палітзняволеныя — „заходнія шлюхі, геі, прастытуткі“. Іх вядуць, каб намазаць зялёнкай лоб і паставіць да сценкі. І шматлікае іншае…».
У шклоўскай калоніі ёсць абутковая, швейная вытворчасць і дрэваапрацоўка. «Палітычных» асуджаных прымушаюць працаваць на самай бруднай і цяжкай працы, дзе дым, цяжка дыхаць і ўвесь час холадна.
Вязні мусяць стрыгчыся налыса і стаяць па дзве гадзіны на дварэ, на холадзе ці пад дажджом, па стойцы і без пальчатак. Потым яны мусяць хадзіць у мокрай вопратцы.
Супрацоўнікі гультаяватыя і караюць па загадзе зверху, бо ў іх «куча працы, яны не паспяваюць яе выконваць», «не ведаюць законаў і правілаў» і «не вераць у папраўчую сістэму».
Біць палітвязняў могуць за татуіроўкі, нататкі ў сшытках і ў лістах, выказванне меркавання, непрызнанне віны, адмовы выконваць загад і з іншых прычын.
«Ставяць на расцяжку: зорачкай рукі і ногі ў бакі, кайданкамі прыкоўваюць да ложкаў альбо клетцы і б’юць па тулаву (нырках, печані, селязёнцы) або па сцёгнам. Кагосьці душылі прама ў ШІЗА, не баючыся відэакамер. Казалі, што першых, хто прыехаў, жорстка білі: падвешвалі на нейкі ланцуг у кайданках».
Вязняў «прымушаюць глядзець праўладныя фільмы і ролікі пра сілу міліцыі і міласэрнасць прэзідэнта да нас. Казалі, што маглі расстраляць нас, але далі шанец. Вось такі здзеклівы рытуал».
З канца студзеня 2022 года вязням перасталі аддаваць лісты. Паводле загаду «зверху», ліставанне дазволілі толькі з блізкімі сваякамі. Супрацоўнікі выклікалі зняволеных да сябе ў іх вольны час. Вязням даводзілася чакаць у калідоры па дзве-тры гадзіны. Кожны заходзіў на 5−10 хвілін, супрацоўнік казаў, ад каго ліст, і прымушаў зняволеных рваць яго, не чытаючы, і выкідаць. За адмову складалі рапарт, быццам асуджаны лаяўся.
Паводле яго, штрафны ізалятар не бывае пустым. Вязняў, якія спрабуюць абараняюць свае правы, могуць трымаць у ШІЗА па тры разы запар па 10 сутак, потым на месяц даслаюць у ПКТ, а адтуль у турму. Многія едуць туды адразу пасля каранціну.
Калі супрацоўнікі калоніі бачаць або чуюць, што зняволены ў лістах ці па тэлефоне скардзіцца, яны знаходзяць любую прычыну для рапарта і пакарання ШІЗА. «У начальніка калоніі будзе паметка, што зняволены скардзіўся ці нечым быў незадаволены, а гэта адразу 10 сутак і пагрозы дадатковым тэрмінам па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы)».
Перавод палітвязняў у разрад «людзей з нізкім сацыяльным статусам» у калоніі № 17 з’яўляецца адным з распаўсюджаных спосабаў ціску. Ім загадваюць выносіць смецце за 100 чалавек у атрадзе ці мыць падлогу ў туалеце (што аўтаматычна азначае «змену статусу» — Hrodna.life). Калі чалавек адмаўляецца, трапляе ў ШІЗА. Можа даходзіць да крымінальнай справы паводле артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса.
Зносіны паміж асуджанымі па палітычных артыкулах там забароненыя. Кожныя паўгады зняволеных мяняюць па розных атрадах, каб тыя не сябравалі. Графік наведвання санчасткі і царквы складаюць так, каб вязні з розных атрадаў не камунікавалі.
У калоніі № 17 адбывае пакаранне таксама палітык Павал Севярынец. «Вязні неяк паскардзіліся адміністрацыі, што Павел Севярынец у царкве збірае гурткі палітзняволеных на беларускай мове. Пасля гэтага на царкоўныя службы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі і сачыць. Ідзе служба, а ў іх рацыя гарлапаніць і яны жуюць семкі», — расказаў былы вязень. Паводле яго, Севярынец у калоніі заўжды размаўляе па-беларуску.
Былы зняволены пералічыў імёны супрацоўнікаў, датычных здзекаў з палітзняволеных. Паводле яго, гэта старшы рэжымны аператыўны працаўнік маёр Сяргей Карчэўскі, інспектар-рэжымнік капітан Іван Галанаў, старшы інспектар-рэжымнік капітан Віталь Краўчэнка, дзяжурны памочнік начальніка калоніі капітан Павал Прохараў, дзяжурны памочнік маёр Дзмітрый Удодаў, маёр Канстанцін Самойлаў, капітан Фяськоў, маёр Сямёнаў, прапаршчык Радычкін.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…