Помнік беларускай паэтцы сапраўды ўсталяваны незаконна, лічаць мясцовыя чыноўнікі. Але сучасны закон не прадугледжвае знос такіх помнікаў. Пра гэта распавялі ў адказе на калектыўныя звароты, ініцыяваныя Вольгай Бондаравай. Іх адправілі ў Зэльвенскі райвыканкам і пракуратуру Гродзенскай вобласці.
UPD 31 сакавіка. Помнік, па звестках «Народнай Волі», знаходзіцца на захаванні ў зэльвенскай царкве. «Прыйдзе час, і ён абавязкова вернецца на сваё месца», — піша выданне.
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш усталяваны на тэрыторыі храма Святой Жываначальнай Троіцы ў Зэльве ў 2003 годзе і з’яўляецца ўласнасцю Беларускай Праваслаўнай Царквы.
На момант устаноўкі помніка парадак рэгламентаваўся палажэннем, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Не так аформілі
Вользе Бондаравай не спадабалася афармленне адказу.
«Вырашыў невядомы чыноўнік з РВК г. Зэльва, пастанавіўшы ўведаміць зацікаўленых. Пра абскарджанне нават не нагадаў. Ён ведае, як афіцыйныя адказы пісаць ці туды па аб’яве ў газеце набіраюць усіх запар?», — задалася пытаннем яна.
З чаго ўсё пачалося?
Бондарава лічыць, што наяўнасць помніка парушае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». На думку Вольгі, помнік прыносіць «невымоўныя пакуты ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія ўсё яшчэ жывуць, і вязням германскіх канцлагераў».
Яшчэ вясной 2022 бібліятэка ў Каложскай царкве перастала насіць Ларысы Геніюш. Таксама Бондарава хоча пакараць «OZ» і «А4» за кніжныя закладкі з выявай паэткі.
Чытайце таксама: Ларыса Геніюш і нацызм: ці ёсць нешта агульнае і ці заслугоўвае помнік зносу?
UPD 30 сакавіка. У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш. Пра дэмантаж помніка паведаміў унук Ларысы Геніюш Міхаіл. Ён даслаў у рэдакцыю racyja.com Фота. Хто аддаў загад на дэмантаж, невядома.
Чый помнік?
UPD 30 сакавіка. У Зэльвенскі райвыканкам патэлефанаваў чытач «Нашай Нівы». Начальніца аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Галіна Раманчук у тэлефоннай гутарцы з ім сказала, што не валодае інфармацыяй пра тое, дзе знаходзіцца помнік, бо яна не яго ўласніца. І наогул, паводле чыноўніцы, раённая ўлада да помніка не мае ніякага дачынення.
«Ён не на тэрыторыі раёна знаходзіўся. Я не аднойчы давала тлумачэнні, што ён знаходзіўся на тэрыторыі, якая належыць нашай Свята-Троецкай царкве», — сказала Галіны Раманчук (Рэдакцыя мае аўдыязапіс размовы).
Чыноўніца настойліва рэкамендавала не тэлефанаваць у царкву, каб дамовіцца пра выкуп помніка.
Датэлефанавацца да настаяцеля Свята-Траецкай царквы «Нашай Ніве» не ўдалося.
У Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы пытанню пра знікненне помніка здзівіліся і перапыталі, ці дакладна яго прыбралі.
Што думае ўнук?
Міхась Геніюш пракамэнтаваў «Свабодзе» зьнікненьне помніка ягонай бабулі ў Зэльве. Спадару Міхасю 64 гады, ён жыве ў Беластоку. Дэталяў зьнікненьня помніка ён ня ведае.
«Гэта для мяне непрыемны сюрпрыз. Не разумею гэтага зусім, бо нават савецкія ўлады друкавалі вершы Ларысы, выдавалі кніжкі, плацілі за гэта грошы. Калісьці Ларыса Геніюш была нават у Саюзе пісьменьнікаў. Гэты помнік стаў 20 гадоў, нікому не перашкаджаў. Людзі прыносілі кветкі, таму для мяне вельмі дзіўна, што зрабілася такое», — камэнтуе ўнук паэткі.
Ён ня ведае, хто можа быць датычны да зьнікненьня помніка і зь якой прычыны яго прыбралі. Спадар Міхась чуў пра прарасейскую актывістку Вольгу Бондараву, якая патрабавала зьнесьці помнік Геніюш, але асабіста яе ня ведае і ня меў зь ёй ніякага кантакту.
«Ён (помнік. — РС) быў асьвячоны самім мітрапалітам. У царкве вісіць фатаздымак і шыльда, прысьвечаныя Ларысе Геніюш. Думаю, што гэта прыватная ініцыятыва. Гэта, напэўна, зрабілі ня ўлады царквы. Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто ня бачыў, ня ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая», — кажа Міхась Геніюш.
Унук ня будзе зьвяртацца ў беларускія праваахоўныя органы, каб тыя разабраліся ў зьнікненьні помніку ягонай бабулі.