Заторы на гродзенскіх дарогах — звыклая зʼява. Мы назіраем іх зранку, калі ўсе спяшаюцца на працу, мы стаім у іх увечары, калі ўсе вяртаюцца дамоў. У заторах вінавацяць надворʼе, аварыі, супрацоўнікаў ДАІ і ландшафт. Чаму насамрэч гродзенцы рэгулярна доўгія хвіліны нудзяцца ў заторах? Пры чым тут Нёман і Ленінскі раён? Адказы — у новым выпуску падкаста «Утульны горад». Госць — спецыялістка па паліталогіі і кіраванні Аліна Харысава.
Слухайце размову пра заторы ў горадзе цалкам або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.
Як вада ў вузкае рыльца бутэлькі гродзенцы раніцай сцякаюцца да мастоў: ім неабходна патрапіць на працу ці на вучобу на другі бераг Нёмана. Мастоў у Гродне ўсяго чатыры, а тых, хто жадае перабрацца праз раку — вельмі шмат. Ды і апошнія гады які-небудзь адзін з мастоў абавязкова быў закрыты на доўгі рамонт.
Справа яшчэ і ў тым, што асноўныя месцы прыцягнення — офісы — месцяцца з большасці ў Ленінскім раёне. Тым часам Кастрычніцкі раён у асноўным складаецца са спальных кварталаў. Зноў атрымліваецца эфект вузкага рыльца: вялікія плыні з Альшанкі, Вішняўца, Паўднёвага, Фолюша і ўсіх астатніх мікрараёнаў сцякаюцца ў адзіны пункт.
Акрамя таго, шмат якія гродзенцы абіраюць уласныя аўтамабілі замест таго, каб скарыстацца грамадскім транспартам. Зразумела, што некалькі дзясяткаў чалавек у тралейбусе займаюць нашмат менш прасторы на дарогах, чым тыя ж некалькі дзясяткаў кожны ў асобным аўто.
Людзі абіраюць карыстацца аўтамабілем больш ахвотна, чым грамадскім транспартам па розных прычынах. Усе гэтыя прычыны можна падзяліць на тры групы: пытанні камфорту, пытанні хуткасці і пытанні коштаў.
Уласным аўтамабілем з ацяпленнем або кандыцыянерам, з цішынёй або ўлюбёнай музыкай у салоне, з асобным сядзячым месцам, а не паміж людзей, выйграе ў параўнанні з тралейбусам раніцай. Акрамя таго, расклад не заўсёды бывае зручным. Карыстальнікам грамадскага транспарту часта даводзіцца абіраць: ці спазніцца на працу на 10 хвілін, ці прыехаць за 30 хвілін да пачатку працоўнага дня. Аўтамабіль жа дазваляе прыязджаць на працу хвілінка ў хвілінку, не прымушаючы нікога чакаць.
Тое ж самае з хуткасцю: тую адлегласць, якую аўтобус з усімі прыпынкамі будзе праязджаць гадзіну, аўтамабіль пераадолее за 20 хвілін. Уласны аўтамабіль, у адрозненні ад грамадскага транспарту, яшчэ і не збіваецца з раскладу і не прымушае нервова чакаць яго лішнія хвіліны на прыпынку.
Каштуе аўтамабіль, канешне, даражэй. Але і праязныя білеты ў Гродне не бясплатныя.
Таму тыя, хто могуць сабе дазволіць набыць уласны сродак транспарту, з задавальненнем гэта робяць.
Аліна Харысава лічыць, што гэта не натуральны стан рэчаў: зрабіць так, каб грамадскі транспарт стаў больш камфортным, хуткім і танным, чым уласныя аўтамабілі, можна з дапамогай сродкаў гарадскога кіравання.
Для гарадскога транспарту можна зрабіць асобныя выдзеленыя палосы. Тады тралейбусам і аўтобусам не давядзецца губляць час у агульным патоку машын і адбівацца ад раскладу. Праз асобныя палосы можна дасягнуць нават таго, што ў «часы пік» з пункта, А ў пункт Б на грамадскім транспарце будзе хутчэй дабрацца, чым на ўласным аўтамабілі.
Калі пусціць больш аўтобусаў на той жа маршрут, вырашыцца пытанне камфорту: людзям больш не прыйдзецца абіраць, ці спазняцца, ці прыязджаць загадзя. Калі транспарт ходзіць часта, людзі не набіваюцца ў аўтобус так, што становіцца немагчыма дыхаць: плынь пасажыраў раўнаважна размяркоўваецца, усе пасажыры сядзяць або стаяць на значнай адлегласці адно ад аднаго. Кандыцыянер улетку і ацяпленне ўзімку таксама вырашаюць пытанні камфорту.
Рэгуляваць пытанне коштаў можна за конт паніжэння цэн на праезд у грамадскім транспарце і ўвядзенне паўсюдных платных парковак для ўласных аўтамабіляў.
На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…