УУС Гродзенскага аблвыканкама накіраваў іск да Віталя Асоцкага. Ён быў начальнікам Ваўкавыскага РАУС да 2022 года, паведамляе Telegram-канал «Право имеют». Паведамляюць, што ён здзекаваўся з людзей падчас пратэстаў.

Віталь Асоцкі нарадзіўся 30 студзеня 1976 у Гродне. Служыў ва Узброеных сілах. Скончыў «БІП-Інстытут правазнаўства». У органах унутраных спраў са студзеня 1996 года. Служыў ва ўпраўленні крымінальнага вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкама, быў начальнікам аддзела крымінальнага вышуку АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна, першым намеснікам начальніка АУС Слонімскага райвыканкама.

Падчас пратэстаў ён здзекаваўся з чалавека на галоўнай плошчы Ваўкавыска, «трымаючы яго за ноздры», паведамлялі Telegram-каналы.

Віталь Асоцкі быў пацярпелым па справе 69-гадовай пенсіянеркі з Ваўкавыска Галіны Міхальчук. Паводле ч. 1 арт.368 КК і арт. 369 КК яе прысудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віталь спагнаў з пенсіянеркі 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Грамадзянскі працэс «Аб кампенсацыі маёмаснай шкоды, прычыненай работнікамі пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў» пачаўся 6 сакавіка.

Зараз начальнікам Ваўкавыскага РАУС прызначаны Аляксандр Вайтовіч.