Тры крымінальныя справы за садзеянне экстрэмісцкай дзенасці распачалі ў Гродзенскай вобласці з 20 па 26 лютага, паведаміла афіцыйная прадстаўніца абласнога Упраўлення Следчага камітэта Іна Пазняк. 

Иллюстративное фото из суда. Фото: Hrodna.life
Зала суда. Ілюстрацыйнае фота: Hrodna.life

Супраць каго распачалі крымінальныя справы

Супрацоўнікі Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта распачалі крымінальную справу супраць 41-гадовага праграміста, ураджэнца Гомеля. У красавіку 2022 года ён даў інтэрв’ю інтэрнэт-рэсурсу, які прызнаны экстрэмісцкім. Зараз сілавікі высвятляюць месца яго знаходжання, бо па месцы рэгістрацыі ў Дзятлаве ён не жыве. За тое ж – інтэрв’ю экстрэмісцкаму рэсурсу – Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу супраць 21-гадовай гродзенкі.

Яшчэ адну справу распачалі супраць 29-гадовай жыхаркі Пружанскага раёна. Жанчына дала інтэрв’ю інтэрнэт-рэсурсам, якія прызналі экстрэмісцкімі фармаванням. Зельвенскі раённы аддзел Следчага камітэта абвінавачвае яе па ч.1 і ч.2 арт.361-4 (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна). Зараз жанчына знаходзіцца ў зняволенні. 

Паводле следчых, жанчына была адміністратарам аднаго з пратэстных Telegram-каналаў. У 2020 годзе яе прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Жанчына гэта пацвердзіла. Таксама яна распавяла, што пасля падзей 2020 года жыла ў Польшчы, Італіі, Нідэрландах. Яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь у пачатку 2023 года. 

Што пагражае за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці

У 2021 годзе ў Крымінальны кодэкс уключылі артыкул 361-4. Ён прадугледжвае адказнасць за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці. Пакаранне па гэтым артыкуле – абмежаванне волі ад двух да пяці гадоў, альбо пазбаўленне волі ад трох да сямі гадоў.