Будынак грамадскага прызначэння хочуць пабудаваць на вуліцы Гарнавых, 29. Участак пад будаўніцтва выставілі на аўкцыён, паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.

UPD. Аўкцыён пройдзе 30 траўня.

Побач з філармоніяй прадаюць участак за $100 000. Што там могуць пабудаваць? (абноўлена)
Участак на вуліцы Гарнавых, 29. Крыніца: gcn.by

Пачатковая цана ўчастка 275 тыс. рублёў (амаль $ 100 тыс.). Плошча ўчастка — 1,1012 га. Будынак, які там пабудуюць, павінен быць не вышэй за 30 м. Пераможца аўкцыёна атрымае права арэнды ўчастка на 50 гадоў. Пакуль невядома, калі адбудзецца аўкцыён.

Што могуць пабудаваць ля філармоніі

Участак размяшчаецца паміж філармоніяй і школай № 6, праз дарогу ад тытунёвай фабрыкі. Зараз там пустыр, а раней тэрыторыю займаў скурзавод. Там плануюць размясціць будынак з аб’ектамі адміністрацыйнага і адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння. Таксама там могуць з’явіцца аб’екты грамадскага харчавання, аховы здароўя альбо будынак пад сацыяльныя паслугі.

Участак прадаюць не першы раз

Раней на ўчастку размяшчаліся пабудовы скурзавода, якія знеслі ў 2017. У 2020 годзе тэрыторыю прадалі з аўкцыёна. Але новыя ўладальнікі - іншагароднія бізнесмены — не выканалі ўмовы аўкцыёна. Таму тэрыторыю зноў выставілі на продаж.

Чытайце таксама: У Гродне пабудуюць яшчэ адзін KFC. Яго размясцяць акурат насупраць канкурэнта