Кірмаш “Казюкі” адбудзецца ў Гродне 4 сакавіка. Асноўнай тэмаю свята стане саломапляценне. Пляцоўку пад кірмаш арганізуюць на Савецкай плошчы, паведаміў “Вячэрні Гродна”.

На Савецкай плошчы ўсталююць намёт. У ім выставяць вырабы з саломы, таксама на плошчы адбудуцца майстар-класы ад рамеснікаў і майстроў з раённых дамоў рамёслаў.
У снежні 2022 года беларускае саломапляценне ўнеслі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Рамеснікі з-за мяжы не прыедуць
У народным аматарскім аб’яднанні майстроў і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” сабралі больш за сто заявак на ўдзел у кірмашы. “Сёлета атрымалі шмат заявак з Пінска, Магілёва, Віцебска і Гродна”, – сказала кіраўніца арганізацыі “Гарадзенскі каларыт” Алена Маліноўская. Але ў гэтым годзе майстры з-за мяжы не падалі ніводнай заявы на ўдзел.
Святкаваць “Казюкі” пачнуць у 12:00. Гандлёвыя шэрагі будуць працаваць да 17:00.
Чытайце таксама: Песні на трох мовах, рамесная выстава і шашлыкі з блінамі. У Гродне прайшлі Казюкі і Масленіца
“Казюкі” адзначаюць больш за 20 гадоў
Кірмаш “Казюкі” адбываецца ў Гродне больш за 20 гадоў. Яго праводзяць 4 сакавіка ў Дзень святога Казіміра. Патрон свята — польскі каралевіч і літоўскі княжыч Казімір. Ён памёр маладым у Гродне і быў прызнаны святым. Святога Казіміра лічаць заступнікам Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі, моладзі, майстроў і рамеснікаў.
Чытайце таксама: «Беларускае золата» ўзростам больш за 200 гадоў: саламяныя Царскія вароты са Старога замку


