Пасля закрыцця пункту пропуска “Баброўнікі” ўзрасла нагрузка на іншыя пункты перасячэння мяжы. За 11 і 12 лютага чарга з легкавых аўтамабіляў, якія едуць у Еўрасаюз, павялічылася на 16%, грузавых на 20%. Пра гэта паведаміў Памежны камітэт Беларусі.

Чарга вырасла на 16%. Што адбываецца на мяжы з Еўрасаюзам пасля закрыцця “Баброўнікаў”
Пункт пропуска “Прывалка”. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: news.tut.by

Затрымкі ў афармленні транспарта зафіксавалі ў пунктах пропуска Брэст – Тэрэспаль, Прывалка – Райгардас. На “Тэрэспалі” польскія памежнікі прапусцілі 32% ад нормы, на “Райгардасе” літоўскія памежнікі прапусцілі 61%. 

У сярэднім грузавых аўтамабіляў прапусцілі толькі 44% ад нормы. Асноўныя накірункі, праз якія едуць фуры: “Казловічы” – “Кукурыкі” (Польшча), “Прывалка” – “Райгардас” і “Каменны Лог” – “Мядзінінкай” (Літва).

Колькі аўтамабіляў чакаюць у чарзе

Станам на 10:00 13 лютага 2023 года перад пунктам пропуска “Брэст” у чарзе чакалі 300 легкавых аўтамабіляў. Норма пропуска за суткі – 1700 аўтамабіляў, але праехалі толькі 476. Перад “Прывалкай” ў чарзе было 50 аўтамабіляў. Норма пропуска ў суткі – 250 машын, але прапусцілі толькі 144. На пункце пропуска “Беняконі – Шальчынінкай” у чарзе чакалі 40 аўтамабіляў. За суткі там прапусцілі 377 пры норме 390.

Станам на 00:00 13 лютага 2023 года перад пунктам пропуска “Казловічы” ў чарзе было  300 грузавых аўтамабіляў. За суткі польскія памежнікі прапусцілі 765 фур пры норме 1200. У Прывалцы ў чарзе было 50 грузавых машын, за суткі там прапусцілі 107 аўтамабіляў, норма – 230.

UPD. Гродзенец Алег Тарасаў на выхадных перасякаў на аўтамабілі мяжу калі ехаў у Беларусь з Літвы. Пра сітуацыю, якая адбывалася на пункце пропуска Райгардас – Прывалка ён распавядаў у stories на сваёй старонцы ў Instagram.

Маршруткі з пасажырамі стаялі ў агульнай чарзе са звычайнымі аўтамабілямі. З-за гэтага, некаторыя маршруткі з’язжджалі на пункт пропуска “Беняконі”, бо там ёсць асобная чарга для маршрутак. За тры гадзіны літоўскія памежнікі прапусцілі толькі пяць аўтамабіляў. У выніку, гродзенец быў вымушаны правесці ноч на мяжы і перасёк яе толькі на наступны дзень.

Чытайце таксама: