Жыхары вуліц Хімікаў і Паўднёвай спрабавалі пераканаць гродзенскіх чыноўнікаў не будаваць новы дом у цэнтры іх мікрараёна «Вішнявец-4». Яны б хацелі бачыць ля сваіх дамоў упарадкавы сквер: маўляў, раёну яго не хапае. Але чыноўнікі вырашылі інакш.
Што адбылося
У снежні 2022 года стала вядома, што ў цэнтры мікрараёна «Вішнявец-4» плануюць пабудаваць тры дамы на 336 кватэр вышынёй 8−10 паверхаў з паркоўкамі па перыметры. Размясціць іх вырашылі на пустыры паміж забудовай вуліц Кабяка, Хімікаў і Паўднёвай, побач з дзіцячым садком № 100.
Хутка прайшло грамадскае абмеркаванне праекта і яго прэзентацыя ва Упраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва. Прынятым на абмеркаванні рашэнне жыхары Вішняўца засталіся незадаволеныя, паведаміў sputnik.by.
Чытайце таксама: Вішнявец ушчыльняюць: на месцы пусткі збудуюць дамы. Жыхароў будзе менш, чым хацелі адпачатку
Што хочуць мясцовыя жыхары
На месцы меркаванага навабуда зараз пустыр. На ім усталявана брама для гульні ў футбол, побач заасфальтаваная баскетбольная пляцоўка. Мясцовыя жыхары шпацыруюць тут з сабакамі.
«Лагічней за ўсё тут арганізаваць зону адпачынку, дрэвы высадзіць, лавачкі паставіць, а не ўшчыльняць і без таго густанаселены раён», — лічыць жыхар аднаго з дамоў на вуліцы Хімікаў Дзмітрый Сірош. Гэта агульная думка жыхароў раёна, якую яны выказалі ў час абмеркавання праекта: лепш сквер і ўпарадкаванне існуючых спартыўных пляцовак, чым новыя шматпавярховікі.
Абіраюць паміж «кепскім і вельмі кепскім»
Мясцовы жыхар Аляксандр Нагорны лічыць, што калі ў генеральным плане горада ўчастак зарэзервавалі пад жылы дом, то наўрад ці атрымаецца гэта змяніць.
«Прыходзіцца абіраць паміж кепскім і вельмі кепскім. […] Не пакінулі нават кавалачка зямлі пад дрэвы альбо проста лужок. Суцэльны асфальт і плітка. Адну з парковак плануюць размясціць наўпрост пад вокнамі дома па Кабяка, 27».
Аляксандр лічыць, што ў такім выпадку можна было б унесці хаця б частковыя змены. Напрыклад, пабудаваць падземныя паркінгі, каб хаця б на частцы пустыра зрабіць сквер. Але чыноўнікі лічаць гэта немагчымым: новыя дамы будуць будавацца для льготнікаў, якія чакаюць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, а падземныя паркінгі павысяць кошт будаўніцтва.
Можа адбыцца транспартны калапс
Мясцовыя жыхары кажуць, што да новых дамоў будзе нязручны пад’езд. Ён будзе выходзіць на дзвюхпалосную вуліцу Хімікаў. Ужо зараз у гадзіны пік там адбываюцца заторы, гэта адзіны праезд да палікілінікі № 7, а пашыраць вуліцу ў бліжэйшы час не плануюць. Некалькі сотняў дадатковых машын жыхароў новага дома справакуюць транспартны калапс, лічаць жыхары Вішняўца.
«Праязжаць па вуліцы Хімікаў праблематычна нават зараз, заторы часта дасягаюць паловы даўжыні ўсёй вуліцы. Архітэктараы прапануюць яшчэ больш пагоршыць сітуацыю, вымушаючы жыхароў новых дамоў стаяць у падвойных заторах», — сказаў Дзмітрый Сірош.
На думку Аляксандра Нагорнага, праезд можна арганізаваць не менш загружаную вуліцу Кабяка. Трэба пракласці дарогу праз паркоўку перад дамамі Паўднёвы завулак, 12, 14, 16 і далей па завулку.
У школах месцы знойдуць, а дзіцячы садок пабудуюць. Толькі невядома калі
У мікрараёне перагружаны школы і дзіцячыя садкі. У садок дзяцей не могуць уладкаваць нават жыхары мікрараёна. У групах ў паўтары разы больш дзяцей чым павінна быць. У школах дзеці навучаюцца ў тры змены, але падчас будаўніцтва планавалася, што будуць дзве.
Паводле нормаў распрацоўшчыкаў праекта, на 1 тыс. жыхароў павінна быць 122 месцы у школах і 60 месцаў у дзіцячых садках. Паводле sputnik.by такую колькасць месцаў бліжэйшыя школы могуць прадаставіць. Норма па месцах у садзе таксама нібыта выканана. Праўда, сада пакуль няма, але ў планах пабудаваць яго на суседнім участку. Праўда, невядома калі.
Чыноўнікі: сквер людзям непатрэбны
У выніку грамадскіх абмеркаванняў дом вырашылі пабудаваць. Адзіная змена, на якую пагадзіліся ў выканкаме — пад’езды да дамоў.
На думку чыноўнікаў, новы сквер жыхарам раёна не патрэбен. Маўляў, праз дарогу ёсць зялёная зона паміж вуліцай Кабяка і бальніцай № 4. У бліжэйшыя гады лесапаркавую зону планую добраўпарадкаваць.
«Наша меркаванне — жылы комплекс на 336 кватэр створыць залішнія і зусім непатрэбныя праблемы як для сённяшніх, так і для будучых жыхароў мікрараёна. Новы дом павінен быць разлічаны не больш, чым на 100 кватэр. У гэтым выпадку і месцаў для парковак усім хопіць, і застанецца яшчэ для сквера», — сказаў Дзмітрый Сірош. Вынікам грамадскіх абмеркаванняў мясцовыя жыхары незадаволеныя.