Дзякуючы бязвізу Гродзенскую вобласць у 2022 годзе наведала ў 10 разоў больш турыстаў, чым у 2021. Пра гэта расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі ў Мірскім замку 2 лютага 2023 года. Але абсалютная лічба турыстаў выклікае пытанні.
У матэрыяле, які апублікавалі «Гродзенская праўда» і некаторыя іншыя дзяржаўныя рэсурсы, сцвярджаецца, што ў 2022 годзе на Гродзеншчыну прыехала больш 3200 чалавек. Але гэта падазрона малая лічба. У снежні 2022 лічбу адных толькі жыхароў Еўрасаюза, якія прыехалі ў Беларусь ад пачатку бязвізу, ацэньвалі ў 370 тыс. Гэта ўжо ў 115 разоў больш, чым лічба, якую назвалі дзяржаўныя медыі.
Магчыма, гэта проста памылка. АНТ у амаль ідэнтычным сюжэце не назваў абсалютную лічбу турыстаў, заявіўшы толькі пра рост у 10 разоў.
Што яшчэ мог мець на ўвазе Каранік? Магчыма, гаворка ішла пра так званы арганізаваны турызм. Паводле дадзеных Галоўнага статыстычанага ўпраўлення Гродзенскай вобласці, у 2021 турыстычныя арганізацыі рэгіёна абслужылі 301 чалавек, якія прыехалі з-за мяжы. Гэта значыць, турысты, напрыклад, заказалі экскурсію ў адной з турфірм вобласці. Тады лічбы сходзяцца: 3200 гэта прыкладна ў 10 разоў больш, чым 301. Але гэтыя лічбы не маюць нічога агульнага з рэальнай колькасцю замежнікаў, якія прыязджалі на Гродзеншчыну.
Бязвізавыя турысты павялічылі прыбытак вобласці ад турыстычных паслуг амаль на $ 12 млн, заявіў Каранік.
«Мы бачым, што ў прыгранічных населеных пунктах назіраецца рост тавараабароту. Ідзе павелічэнне спажывання паліва паблізу межаў. Гэта ў любым выпадку дае станоўчы эканамічны эфект як для прадпрыемстваў паасобку, так і ў цэлым для эканомікі вобласці», — сказаў Уладзімір Каранік.
Бязвізавы рэжым увялі з 15 красавіка 2022 года для грамадзянаў Літвы, Латвіі і неграмадзян Латвіі. З 1 ліпеня 2022 года бязвіз увялі для грамадзянаў Польшчы. Мэтай бязвіза назвалі падтрыманне добрасуседскіх адносін. Але незадоўга да ўвядзення першага «бязвізу» Польшчу, Літву і Латвію прызналі «несяброўскімі» дзяржавамі.
Агулам з 15 красавіка 2022 года па 3 студзеня 2023 года бязвізам скарысталіся больш за 386 тыс. чалавек. Але далёка не ўсе з іх даехалі да Гродна. За дзесяць месяцаў 2022 года ў Гродна прыехалі каля 50 тыс. турыстаў, але толькі траціна з іх былі бязвізавымі. Многія бязвізавыя турысты ў 2022 годзе даязджалі толькі да бліжэйшай заўпраўкі і крамы, каб набыць таннае паліва і прадукты. пасля чаго вярталіся ў сваю краіну.
Чытайце таксама: Стала вядома, колькі турыстаў наведала Гродна з пачатку 2022 года. Лічбы далёкія ад рэкордных
Актыўна падлічваць турыстаў у Гродне пачалі з 2016 года, калі запрацаваў бязвізавы рэжым уезду для грамадзян Еўрасаюза і шэрагу іншых краін. У 2016−2017 гг. рэгіён без візы наведалі каля 55 тыс. замежнікаў. У 2018 годзе іх колькасць ужо была большай за 70 тыс. чалавек.
У 2019 годзе ў Гродна толькі па бязвізе прыехалі 130 тыс. турыстаў. Яны выдаткавалі ў горадзе $ 3,5 млн. З улікам турыстаў з Расіі і тых, хто атрымліваў візу, лічбы павінны быць яшчэ большыя. Гэта быў рэкордны год для турызму ў Гродзенскай вобласці.У 2020 годзе бязвізавыя турысты з суседніх краін перасталі масава ехаць у Беларусь. Прычынай стала пандэмія каранавіруса. Нягледзячы на гэта ў горад па бязвізе прыехалі 22,6 тыс. чалавек. У 2021 годзе Гродна наведала толькі 48 бязвізавых турыстаў.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…