Са студзеня па кастрычнік 2022 года ў Гродна прыехалі звыш за 50 тыс. турыстаў. Амаль кожны трэці скарыстаўся бязвізам. У эфіры тэлеканала СТБ сказалі, што гэта новы рэкорд. Hrodna.life праверыў, ці сапраўды гэта так.

Стала вядома, колькі турыстаў наведала Гродна з пачатку 2022 года. Лічбы далёкія ад рэкордных
Турысты у цэнтры Гродна. Ілюстрацыйнае фота: Hrodna.life.

«Гродзеншчына заўсёды прыцягвала мноства турыстаў дзякуючы таму, што ў нас актыўна добраўпарадкоўваюцца гарады, рэканструююцца помнікі, 75% аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі знаходзіцца менавіта ў Гродзенскай вобласці.

Попыт у замежных гасцей ёсць і на санаторны адпачынак. Месцы ў здраўніцах браніруюцца за некалькі месяцаў да паездкі", — сказала намесніца ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.

Колькі турыстаў прыязджала ў Гродна раней

Актыўна падлічваць турыстаў у Гродне пачалі з 2016 года, калі запрацаваў бязвізавы рэжым уезду для грамадзян Еўрасаюза і шэрагу іншых краін. У 2016−2017 гг. рэгіён без візы наведалі каля 55 тыс. замежнікаў. У 2018 годзе іх колькасць перабольшыла 70 тыс. чалавек.

У 2019 годзе ў Гродна толькі па бязвізу прыехалі 130 тыс. турыстаў. Яны выдаткавалі ў горадзе $ 3,5 млн. З улікам турыстаў з Расіі і тых, хто атрымліваў візу, лічбы павінны быць яшчэ большыя. Гэта быў рэкордны год для турызму ў Гродзенскай вобласці.

У 2020 годзе бязвізавыя турысты з суседніх краін перасталі масава ехаць у Беларусь. Прычынай стала пандэмія каранавіруса. Нягледзячы на гэта ў горад па бязвізу прыехалі 22,6 тыс. чалавек.

Лета 2022: новы бязвіз і новая плынь турыстаў

У ліпені і жніўні 2022 у Гродна ўпершыню пасля пандэміі хлынулі плыні турыстаў. Асноўныя госці сёлета — расіяне і ўнутраныя беларускія турысты. Для грамадзян Літва, Латвіі і Польшчы ўвялі новы, яшчэ больш просты спосаб прыехаць без візы, але іх выразна менш.

Горад выявіўся не гатовы да турыстычнага буму. У летнія месяцы у гродзенскіх гасцініцах не было месцаў, не хапала экскурсаводаў, а ў Стары замак не было квіткоў.

Чытайце таксама: У Стары замак няма квіткоў, у гасцініцах няма месцаў, экскурсаводаў не хапае: Гродна апанавалі турысты