На межах утварыліся чэргі, бо беларуская мытня перайшла на ўзмоцнены рэжым працы. Прычына ў тым, што беларусы вязуць дадому тавары, якія набылі на еўрапейскіх святочных распродажах. Пра гэта 26 снежня 2022 года паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі. Hrodna.life даведаўся ў гродзенцаў, як яны праходзілі мяжу ў калядныя выхадныя.

“На мяжы адзначаецца яшчэ большае скапленне транспарту, што абумоўлена, у дадатак да наўмысных дзеянняў краін ЕС па стрымліванні патокаў, яго традыцыйным павелічэннем ў пераднавагоднія дні. Пры гэтым узрасла не толькі колькасць легкавых аўто і аўтобусаў, якія накіроўваюцца праз мяжу, але і тавараў, якія грамадзяне спяшаюцца набыць на еўрапейскіх калядных распродажах”, – напісалі на старонцы Мытнага камітэта Беларусі ў Facebook.
Паводле мытнікаў, у пунце пропуска “Брэст” мытнікі ў сярэднім афармляюць на ўезд 800 аўтамабіляў у суткі (прапускная магчымасць – 4 тыс. аўтамабіляў). Час чакання на “зялёным” калідоры не перавышае 30 хвілін, на “чырвоным” складае не больш за 1,5 гадзіны.
Гродзенка: “На праходжанне мяжы сышло 18 гадзін”
Гродзенка Вольга [імя зменена] планіравала выехаць з Беластока ў Гродна 25 снежня ў 7 гадзін раніцы. Прыехаць у Гродна жанчына планавала ў 16-17 гадзін. “Але паглядзела справаздачы ў чатах аб перасячэнні мяжы і вырашыла паехаць днём. І дарэмна”.
На памежны пункт “Баброўнікі” Вольга прыехала прыкладна ў 15:30. Паводле яе словаў, чарга з легкавых аўтамабіляў была 1,1 км ад польскага шлагбаўма. “Чарга так, была чаканай, але хуткасць руху гэтай чаргі проста неверагодна марудная была. Асабліва на “чырвоным” канале. Увазныя дэкларацыі афармлялі па адчуваннях у два разы даўжэй, чым звычайна”. Правяралі ўсё дасканала і на чырвоным, і на зялёным канале. “У нейкі момант з’явілася адчуванне, што на злосць робяць марудней, чым маглі б”.
У Гродна Вольга везла ката і варачную панэль, таму яна праходзіла мяжу праз “чырвоны” калідор. “Агулам ўся мяжа заняла 18 гадзін”. Паводле яе словаў, на “Баброўніках” абавязкова трэба цікавіцца, хто на які канал у хвасце, бо тыя, хто на “чырвоны”, ствараюць даўгі хвост, які блакуе праезд на “зялёны”, дзе амаль заўсёды пуста”
Памежнік: “Калі б ехалі ў Беларусь, то да першай зоркі наўрадці б дадому паспелі”
Пётр [імя змененена] ехаў з Гродна ў Літву раніцай 24 снежня. На мяжу прыехаў у 9:10. Беларускую мяжу прайшоў за 10 хвілін, літоўскую за 30. Ужо на выездзе запытваўся ў памежніка пра сітуацыю з чэргамі. “На выезд – без праблем, – адказаў службовец. – А калі б ехалі ў Беларусь, то да першай зоркі наўрадці б дадому паспелі”. На той момант на Прывалцы ўезду ў Беларусь чакала каля 100 легкавых аўтамабіляў. Чарга з фураў складала каля 16 кіламетраў.
Чытайце таксама: «Прывалка сёння поўны атас!». Што з чэргамі на мяжы у перадкалядны час


