Медыка з Гродна асудзілі на 7 гадоў калоніі за каментары, хоць ён напісаў пакаянны ліст Лукашэнку. У Гродне затрымалі пецярбургскага актывіста па артыкуле аб супрацоўніцтве з замежнай дзяржавай. Актывістка «Беларусаў Варшавы» Юлія Сліўко сыходзіць з арганізацыі праз пагрозы. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 19 па 25 снежня.

Ліквідацыя

  • Грамадскае аб’яднанне «ВелаЛіда» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 25 лістапада.
  • «ПСО «Анёл Паўночны Захад» таксама ліквідавалі праз суд. Арганізацыя знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі з 25 лістапада. Тады такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд. Арганізацыя зарэгістраваная ў Смаргоні з 2015 года. Яна дапамагала дзяржаўным органам у пошуку зніклых або згубленых людзей. Для гэтага атрад задзейнічае розныя метады пошуку: распаўсюджванне інфармацыі ў інтэрнэце, расклейка арыенціровак, выезд на гарадскія і лясныя пошукі.
  • Фірма таксі, якой валодаў Мікалай Аўтуховіч, ліквідаваная. Прыватнае транспартнае ўнітарнае прадпрыемства «НікА-таксі» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці ад 11 лістапада 2022 года. Ліцэнзія на перавозку у Аўтуховіча было з 2002 года. У 2016 годзе фірма прайшла перарэгістрацыю.

Новыя палітвязні ў вобласці

Дзмітрый Мядзведскі, Сяргей Рабцаў, Сяргей Нялепка, Аляксандр Дураеў прызнаныя палітвязнямі, паведамляе «Вясна».

Новыя «экстрэмісты»

Віктар Пільжыс і Гелена Ярмусік папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

У Слоніме за рэпост затрымалі журналіста і пісьменніка Сяргея Чыгрына

16 снежня ў Слоніме сілавікі затрымалі журналіста, краязнаўцу і пісьменніка Сяргея Чыгрына. Яго абвінавацілі ў рэпосце «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ў той жа дзень асудзілі на сем сутак арышту, паведамляе БАЖ.

Калегі звязваюць затрыманне Сяргея з яго ранейшай працай у недзяржаўных медыя.

Праз сем сутак з часу затрымання Сяргей не выйшаў на свабоду, паведамляе «Гарадзенская праваабарона». Паводле атрыманай інфармацыі, на пісьменніка складзены новы пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Сергей Чигрин. Фото БАЖ
Сяргей Чыгрын. Фота: БАЖ

Ліквідацыя «Клерыгата»

20 снежня пачаўся працэс ліквідацыі арганізацыі «Клерыгата», праз якую працаваў «Саюз палякаў». Пасяджэнне «аб ліквідацыі юрыдычных асоб» праходзіць у эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.

Адказчыкамі па справе выступаюць Марк Занеўскі, Рэната Дзем’янчук, Ірэна Валюсь. Ісцец — Гродзенскі гарвыканкам і пракурор вобласці Аляксандр Жукаў. Суддзя — Марына Рослік.

Справу аб ліквідацыі накіравалі ў суд, паведамілі 14 лістапада. Гэтаму папярэднічала праверка пракуратуры і УДФР КДК. Узбуджана крымінальная справа па арт. 193−1 КК «Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці». У старшыні і яе намесніка прайшлі ператрусы. Цяпер старшыня СПб Ірэна Валюсь і намеснік старшыні Рэната Дзем’янчук на свабодзе.

Праз суд ліквідуюць дабрачынны фонд развіцця аграбізнесу «АгроЭко»

Пасяджэнне прайшло 23 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Юрый Карэцкі. Арганізацыя працавала больш за 20 гадоў.

Актывістка «Беларусаў Варшавы» Юлія Сліўко сыходзіць з арганізацыі праз пагрозы

Юлія больш не будзе праводзіць традыцыйныя нядзельныя акцыі. Але яны працягнуцца, паведамляе racyja.com.

«Маё рашэнне сысці звязана з пагрозамі, якія я атрымліваю. Яны далятаюць да мяне яшчэ з 2020-га года», — кажа Юлія Сліўко, якая падчас пратэстаў была кіраўніком стачкама «Гроднапрамбуда». Паводле яе, яе пераследуюць сілавыя структуры Беларусі ў Варшаве.

Юлия Сливко. Фото: Telegram-канал "Тетя Ира разрешила"
Юлія Сліўко. Фота: Telegram-канал «Тетя Ира разрешила»

Прысуд журналісту Дзянісу Івашыну пакінулі без зменаў: яго адправяць у калонію на 13 гадоў

Вярхоўны Суд 20 снежня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня журналіста Дзяніса Івашына. Прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення. Хутка яго перавядуць у калонію, паведамляе «Вясна».

15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы журналіста. Праз месяц суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса «Здрада дзяржаве» і прысудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пакаянны ліст Лукашэнку, затрыманне пецярбуржца, пагрозы актывістцы. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Дзяніс Івашын. Фота Вольгі Івашынай

У касцёле на Гродзеншчыне патрабуюць зафарбаваць фрэску

Карціна ў касцёле ў Солах Смаргонскага раёна адлюстроўвае «Цуд на Вісле» — калі расійскую агрэсію змагла спыніць польскае войска, не дапусціўшы распаўсюджвання бальшавіцкага атэістычнага рэжыму. Сюжэт гэтаму прысвяцілі на тэлеканале ««Беларусь 1».

У сюжэце выкарыстоўвалі словы некаторых вернікаў, якія далі пробашчу негатыўную характарыстыку, а самога святара ксяндза Леанарда Станкоўскага Ксенія Лебедзева запісвала ўтоена, без дазволу, паведамляе katolik.life.

На думку Лебедзевай, карціна «заклікае да распальваньня нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці», а наяўнасць такой фрэскі ў касцёле кажа аб тым, што «асобныя служыцелі клапоцяцца не аб выратаванні душы, а аб вяртанні Заходняй Беларусі ў склад Польшчы».

У савецкі час у храме зафарбавалі гэтую фрэску, а пасля падзення СССР пры рэстаўрацыі алтарнай часткі карціну аднавілі і зноўку асвяцілі.

Фреска в костеле. Фото: katolik.life.
Фрэска ў касцёле. Фота: katolik.life.

Гродзенец абяцаў звесці свастыку — і не звёў. Яму пагражае крымінальная справа

На камеру мужчына сказаў, што раней знаходзіўся ў фанацкім і неанацысцкім рухах. Таму і набіў сабе нацысцкія татуіроўкі. Яго затрымалі ў красавіку 2022 года, пасля чаго частку татуіровак гродзенец звёў.

Але працягнуў распаўсюджваць нацысцкія сімвалы «ВКонтакте». Таму яго затрымалі паўторна. Мужчына паабяцаў звесці татуіроўкі канчаткова.

«Трэцяга шанцу не будзе, далей толькі артыкул 341−1 КК «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі», — паведамілі сілавікі.

Гродненец обещал свести свастику - и не свел. Скриншот Hrodna.life
Гродзенец абяцаў звесці свастыку — і не звёў. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне затрымалі пецярбургскага актывіста па артыкуле аб супрацоўніцтве з замежнай дзяржавай

21 снежня ФСБ затрымала ў Гродне пецярбургскага актывіста Данііла Крынары. Яму інкрымінуюць артыкул аб супрацоўніцтве з замежным дзяржавай (арт. 275.1 КК) — па версіі следства, з Украінай. Аб гэтым «ОВД-Инфо» паведаміла яго жонка.

Справу будзе весці Маскоўскі следчы аддзел ФСБ. На 22 снежня Данііла Крынары даставілі ў Маскву. Ляфортаўскі раённы суд выбера яму меру стрыманьня, паведаміла жонка затрыманага.

Данііла Крынары ўжо затрымлівалі ў верасні 2022 года. У ліпені 2021 года актывіст адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту з-за кліпа Rammstein ва «ВКонтакте».

Павел «Белка»: «Верагодна, Аўтуховічу перапынілі галадоўку»

Павел, былы зняволены, падчас заключэння пад варту летам бачыў Мікалая Аўтуховіча ў камэры насупраць праз кармушку. Мікалай перадаваў прывітанне «палітычным» праз сукамернікаў, якія выходзілі на шпацыр, піша Telegram-канал «Право имеют» са спасылкай на праект «Мы вернемся».

«На той момант [] усё было дрэнна. Яго на руках выносілі з камеры. Лекар ледзь ці не кожныя паўгадзіны ў яго быў. Аўтуховічу, мабыць, кропельніцамі спынілі галадоўку. Ён ужо без прытомнасці быў, хутчэй за ўсё. Нейкія кропельніцы нават, я бачыў, яму ў камеры ставілі. Там хлопцы, якія з ім сядзелі, трымалі вось так гэтыя банкі».

Мікалай Аўтуховіч трымаў сухую галадоўку з 11 ліпеня 23 дня. Аўтуховіч абвясціў сухую галадоўку, бо атрымліваў лісты толькі ад маці і зусім не атрымліваў газет. Зняволены схуднеў на 20 кг.

Николай Автухович. Фото БелТА
Мікалай Аўтуховіч у судзе. Фота: БелТА

Дзяніса Івашына змяшчалі ў камеру да «апушчаных»

Дзяніса Івашына ў турме называюць «феяй», расказаў былы зняволены Павел Бялянаў у праекце «Мы вернемся». «Не яго рэальнасць, не ў тым свеце жыве чалавек. Ён можа і не ўспрымаць гэта як „цяжка“. Ён хрысціянін. І былі такія чуткі ў турме, што яго завялі ў „пеўневую хату“. Яны [адміністрацыя] могуць так паднас*аць палітычным — проста са шкоднасці. Ён не падпісвае паперкі - і нібыта гэта будзе негатыўна ўплываць на далейшае яго жыццё ў лагеры. Але палітычным пофіг. Пеўневая хата — дзе апушчаныя сядзяць. Па турэмных правілах, зэкаўскіх, нельга ў турме сядзець у адной камеры з апушчанымі. Таму што праз кароткі час ты лічышся такім жа».

«Дзяніса спрабавалі скампрамэтаваць, пераводзячы ў камэру зь людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус. Аднак Дзяніс даволі хутка адаптуецца да зьнешніх умоваў, вывучае правілы й традыцыі, якія існуюць вакол. Таму ён зрабіў тое, што робяць усе вязьні ў такіх умовах: выклікаў «ахоўнікаў» і прапанаваў перавесьці яго ў іншую камэру, або ён фізычна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены ці інш.

У выніку турэмнікі прапанавалі яму… перасяліцца ў карцар, на што Дзяніс і пагадзіўся, прасядзеўшы ў маразільніку 10 содняў. А цяпер давайце ўзгадаем, колькі разоў за 21,5 месяцаў палону Дзяніс патрапляў ў карцар? Каля 10 ці амаль паўтары месяцы. Спадзяемся, што ня ўсе яны былі вымушаным пазьбяганьнем правакацыяў, якія, калі ўважліва слухаць інтэрвью Бялянава, супрацоўнікі вязьніцы арганізуюць толькі з падачы ці просьбы «сьледчых», — пракаментавала Вольга Івашына, жонка палітвязня.

Медыкі з Гродна асудзілі на 7 гадоў калоніі за каментары. Ён напісаў пакаянны ліст Лукашэнку

Урача-тэрапеўта Аляксея Мандзіка з Гродна асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта ў праекце «Мы вернемся» распавёў музыка Павел Бяланаў, які сядзеў з лекарам у СІЗА. У лютым 2022 года Аляксей напісаў два лісты ў рэдакцыю «СБ. Беларусь сегодня», у якіх раскаяўся, папрасіў прабачэння у Аляксандра Лукашэнки і прасіў пакараць яго абмежаваннем волі, а не пазбаўленнем.

Алексей Мандик. Фото: instagram.com/mandikaleksei/
Аляксей Мандзік. Фота: instagram.com/mandikaleksei/

Гродзенскі дзіцячы спектакль праверыў Мінкульт. Зараз аўтары змагаюцца, каб захаваць пастаноўку

Спектакль «Монстры на навагодніх канікулах», які падрыхтаваў Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры, хоча закрыць Міністэрства культуры. Яго супрацоўнікі прыйшлі з праверкай 21 снежня. Пра гэта паведамілі ў Instagram Тэатральнай майстэрні «КАКТУСС». Зараз стваральнікі спекталя просяць дапамогі гледачоў.

"Монстры на новогодних каникулах" в Гродно. Фото из канала Ольги Бондаревой
«Монстры на навагодніх канікулах» у Гродне. Фота з канала Вольгі Бондаравай

Больш за $ 100 000 выдаткавалі прафсаюзы на экскурсіі медыкаў на «Лінію Сталіна»

Каб звазіць медыкаў Гродзенскай вобласці на «Лінію Сталіна» альбо ў Брэсцкую крэпасць прафсаюзы ў 2022 годзе вылучылі больш за 290 тыс. рублёў. Гэта на 10 тыс. больш чым ў 2021 годзе. Пра гэта сказаў старшыня абласной арганізацыі прафсаюза супрацоўнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Голяк.

Стыпендыятаў фонду таленавітай моладзі будуць пазбаўляць выплат і званняў за «палітычныя» артыкулы. Грошы прымусяць вярнуць

Стыпендыятаў прэзідэнцкіх фондаў па падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі будуць пазбаўляць права на выплаты за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў і «палітычныя» артыкулы. Ужо атрыманыя стыпендыі абавяжуць вярнуць. Таксама іх пазбавяць і звання лаўрэата фонду.

Калабаранты ў консульстве, помнік Гітлеру ў Польшчы і бандфармаванне. Разбураем тры «калядныя» фэйкі беларускай прапаганды

Польскі пасол абяцаў Гітлеру забіць усіх яўрэяў за год да пачатку вайны? Армія Краёва была бандыцкім фармаваннем? У польскім консульстве ў Гродне збіраюцца калабаранты? Hrodna.life разабраў тэзісы беларускіх прапагандыстаў.

Фейки. Иллюстрация Hrodna.life
Фэйкі. Ілюстрацыя Hrodna.life