Гродзенскі бар SVABODA на вуліцы Маставой, 31 закрываюць. Ён працаваў больш за чатыры гады, а 23 снежня 2022 года будзе працаваць апошні дзень. Пра гэта паведамілі ў Instagram бара.

Бар працаваў з ліпеня 2018 года. Інтэр'ер бара быў выкананы ў сучасным стылі. У меню была выпіўка і закускі. Кактэйльная карта бара была складзена ў гонар вядомых беларускіх пісьменнікаў, мастакоў і музыкаў.
Hrodna.life звярнуўся ў бар па каментар, каб даведацца пра прычыну закрыцця, але ў «Свабодзе» у каментары адмовілі.

У бары можна было пакаштаваць «Апошняе каханне»
Напрыклад, кактэйль у гонар Элізы Ажэшкі называўся «Апошняе каханне», як адзін з раманаў пісьменніцы. Кактэйль з мядовага сіропу і вугальнага пылу называўся «Развітанне з Радзімай» — у гонар Міхаіла Клеафаса Агінскага. Таксама былі кактэйлі «Ня быць скотам» і «Маладая Беларусь» — па матывах творчасці Янкі Купалы. У меню можна было знайсці напоі, якія назвамі адносіліся да творчасці Васіля Быкава, Адама Міцкевіча, Марка Шагала і іншых дзеячоў.

Чытайце таксама: Кліенты сыходзяць, бары губляць прыбытак, дамовіцца немагчыма. Што адбываецца на Маставой, дзе пасля 23:00 не працуюць летнія пляцоўкі