Бязвізавый рэжым для грамадзянаў Польшчы, Літвы і Латвіі працягнуць на 2023 год. Такое рашэнне 21 снежня 2022 года прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведаміў Telegram-канал «Пул первого».
«У пацверджанне адкрытасці нашай краіны, накіраванасці на добрасуседства і ўзмацненне міжнацыянальных сувязей сёння было прынята рашэнне аб працягу бязвізавага рэжыму», — напісалі ў Telegram-канале «Пул первого».
Станам на снежань 2022 года, ад пачатку дзеяння бязвіза ў Беларусь прыехалі амаль 370 тыс. грамадзян Еўрасабза. Сярод іх больш за 70% грамадзянаў Літвы, каля 20% грамадзянаў Латвіі і каля 10% грамадзянаў Польшчы.
Навошта ўводзілі бязвіз для «несяброўскіх» дзяржаў
Інфармацыя пра тое, што Беларусь разглядае магчымасць увесці бязвівавы ўезд для грамадзян сумежных краін з’явілася 13 красавіка 2022. Такім чынам улады хацелі «ўзмацніць дабрасуседскія адносіны і развіваць уязны турызм». Бязвіз для грамадзянаў Літвы і Латвіі, а таксама асобаў з пашпартамі неграмадзян Латвіі адкрылі з 15 красавіка па 15 траўня 2022 года. Потым яго працягнулі.
Для грамадзянаў Польшчы бязвізавы ўезд увялі з 1 ліпеня 2022 года. Мэтай таксама назвалі падтрыманне добрасуседскіх адносін. Але незадоўга да ўвядзення першага «бязвізу» Польшчу, Літву і Латвію прызналі «несяброўскімі» дзяржавамі.
Чытайце таксама: Палякі - да родных і сяброў. Беларусы — «на закупы». Што там, на мяжы ў Баброўніках?